Больш чым у 40 краінах свету адзначаўся Сусветны дзень снегу. У Беларусі галоўнымі яго ўдзельнікамі сталі школьнікі і студэнты. А ўвогуле, разлічана зімовае свята было, безумоўна, на дзяцей. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў і ў Пружанах. У суботу на гарадскім стадыёне адбылося раённае фізкультурна-спартыўнае свята «Дзень лыжніка» з удзелам навучэнцаў школ і аграрна-тэхнічнага каледжа. На старт выйшлі каля 70 удзельнікаў. За кожную каманду, а іх было восем, выступалі тры дзяўчыны і пяць юнакоў. Пераадолець на лыжні яны павінны былі адпаведна 2 і 3 кіламетры.
Неабходна адзначыць, што зрабіць гэта было зусім не проста. Мароз і калючы вецер уносілі свае карэктывы ў ход спаборніцтваў.
Першымі выйшлі на старт дзяўчаты. Лепшы вынік паказала Алеся Шэцька (аграрна-тэхнічны каледж). Другой на фінішы была Аліна Кавалевіч (Мокраўская СШ), трэцяй — Вікторыя Апарына (гімназія).
Сярод юнакоў усе прызавыя месцы дасталіся прадстаўнікам аграрна-тэхнічнага каледжа (Ягор Ёрш, Сяргей Астапчук, Сяргей Васкаўшчук).
У агульнакамандным заліку першынствавала каманда аграрна-тэхнічнага каледжа. Другое месца дасталося лыжнікам СШ №4, а трэцяе — Мокраўскай СШ.
Лепшыя каманды і ўдзельнікі спаборніцтваў адзначаны каштоўнымі прызамі і граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Не пуставаў у гэтыя дні і Лядовы палац. Тут прашлі хакейныя баталіі.
«Пружанскія кіты» у чацвер прымалі каманду «Сталкер» з Баранавічаў. Ва ўпартай барацьбе нашы хакеісты саступілі — 3:6.
У суботу наша каманда гуляла з хакеістамі з Івацэвічаў. Першы перыяд прайшоў з адчувальнай перавагай пружанцаў і завяршыўся з лікам 3:1. У пачатку другога перыяду госці здолелі адыграцца. Але ў далейшым гаспадары кантралявалі ход паядынку і святкавалі перамогу — 9:4.
У нядзелю адбылася гульня ў рамках адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па хакеі сярод юнакоў 1998 года нараджэння. У госці да пружанскіх хакеістаў прыехалі іх равеснікі з польскага Гданьска. Матч праходзіў у напружанай і захапляльнай барацьбе, але ўдача ў гэты вечар была на баку польскай каманды, якая і перамагла з лікам 6:5.
На здымках: на старце дзяўчаты; самы юны ўдзельнік лыжных спаборніцтваў Максім Мязга з Параслянскай СШ са сваёй настаўніцай Т.М.Місюляй.
Мікола Архуцік, фота аўтара.