Чарговае цікавае мерапрыемства для вялікай колькасці гледачоў падарыў гарадскі Палац культуры, дзе прайшоў конкурс «Міні-міс Пружаны-2014».
Той, хто трапіў у залу, змог убачыць сапраўдную казку. Паводле сюжэта, Кароль з Каралевай, якіх ігралі Анастасія Ціхановіч і Аляксандр Казей, шукалі нявесту для свайго сына. Але ж па іх патрабаванні было мала прайсці такі ж экзамен, як з добра вядомай усім чытачам казкі пра прынцэсу на гарошыне. Кандыдаткам на такое высокае і ганаровае званне давялося прайсці сапраўдныя выпрабаванні.
У конкурсе ўдзельнічалі вучаніцы трэціх класаў, кожная з якіх прадстаўляла сваю школу: Аліна Чуракова (СШ №4), Дар’я Рэпіха (гімназія), Мілена Ботвіч (СШ №3), Юлія Семаковіч (СШ №5) і Вікторыя Чайкоўская (СШ №1). Усё, што змаглі ўбачыць гледачы, загадзя рэпетыравалася, дзяўчынкі літаральна штодня на працягу двух тыдняў да мерапрыемства вучыліся правільна і гучна вымаўляць, праходзіць па сцэне і многаму іншаму. Юныя канкурсанткі пераадолелі шмат выпрабаванняў, каб дастойна пазмагацца за званне лепшай. Скажам адразу: усе яны ўразілі гледачоў сваёй фантазіяй, творчымі здольнасцямі і прывабнасцю.
Спачатку канкурсанткі расказалі пра сябе. Рыхтаваліся да гэтага конкурсу загадзя, таму разам з сабой некаторыя на сцэну запрасілі і групы падтрымкі з аднакласнікаў. Дзяўчынкі расказвалі пра сябе і пра свой родны горад, чыталі вершы, паказвалі фота і відэазамалёўкі.
Творчы этап таксама быў не менш складаным. Тры юныя ўдзельніцы дэманстравалі сваё ўменне танцаваць. Мілена Ботвіч вырашыла праспяваць са сцэны — заўважце, упершыню. І гэты дэбют у яе цудоўна атрымаўся! Аліна Чуракова выехала на сцэну на ролікавых каньках, а потым паказвала сапраўдныя фокусы.
Як жа было цяжка васьмігадовым міс адказваць на пытанні інтэлектуальнага этапу! Прычым яны тычыліся не эрудыцыі, а кемлівасці. Вось прыклад пытання: «1 кг мяса варыцца га-дзіну. Колькі часу спатрэбіцца, каб зварыць два кілаграмы?» У выніку некаторыя ўдзельніцы не змаглі набраць максімальную колькасць балаў. Але свой шанц яны атрымалі падчас дэфіле ў вячэрніх уборах. Якія, дарэчы, рыхтавалі самастойна з «падручных» матэрыялаў. Выкарыстоўвалі і розныя сукенкі і спадніцы матуль, і паперу, і стужкі. А Вікторыя Чайкоўская прадэманстравала сапраўдны шэдэўр… з сетак для агародніны.
Зразумела, што вызначыць самую-самую лепшую дзяўчынку для журы было вельмі складана. Кожная ўдзельніца ў нечым аказалася на вышыні. І толькі шляхам звычайнага падліку балаў намінацыі былі размеркаваны наступным чынам:
«Міс Усмешка» — Аліна Чуракова;
«Міс Знаходлівасць» — Юлія Семаковіч;
«Міс Стыль» — Дар’я Рэпіха;
«Міс Арыгінальнасць» — Вікторыя Чайкоўская, якой таксама было прысвоена званне «Міс сімпатый журы».
А гран-пры і карону «Міні-міс Пружаны-2014» атрымала Мілена Ботвіч.
Алег Сідарэнка.
Фота Андрэя Пашкевіча.