У райвыканкаме ўзнагародзілі лепшыя калектывы раёна. Пераможцаў раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў назвалі ў дзвюх катэгорыях — сярод сельскагаспадарчых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў.
З улікам атрыманых за мінулы год вынікаў, а таксама прапаноў і заўваг шэрагу
службаў, пераходныя сцягі атрымалі кіраўнікі ААТ «Мурава» і ААТ «Пружанскі льнозавод». Другое месца ў сваіх катэгорыях за сабой замацавалі ААТ «Агра-Калядзічы» і СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны». У ліку пераможцаў аказаліся таксама ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Лепшыя прадпрыемствы сельскагаспадарчай і прамысловай галіны, акрамя дыпломаў, атрымалі грашовыя прэміі.
Старшыня райвыканкама М.М.Серкоў павіншаваў пераможцаў раённага спаборніцтва і выказаў меркаванне, што на Пружаншчыне нямала дастойных арганізацый: дзякуючы агульным намаганням сёння раён з’яўляецца лідарам па многіх пазіцыях. Але марку трэба трымаць не толькі па вытворчых і сельскагаспадарчых паказчыках, але і ў навядзенні парадку на зямлі.
Дарэчы, што тычыцца гарадскога добраўпарадкавання і развіцця райцэнтра ўвогуле, то прыемнай стала атрыманая ў гэты дзень навіна аб гатоўнасці вобласці аказаць фінансавую дапамогу ў завяршэнні будаўніцтва гасцініцы па вуліцы Заводскай.
На здымку: кіраўнікі і прадстаўнікі калектываў ААТ «Мурава» і ААТ «Пружанскі льнозавод».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).