Вы перакананы, што шпакі не жывуць чарадой? Тады вам трэба ў Папялёва на падворак Аляксандра Шчурко: у яго птушыным гарадку, які размясціўся на старой дзікай грушы, «кватэры» не бываюць пустымі. Нават цяпер, зімой тут знаходзяць сабе прыстанак вераб’і, сінічкі, попаўзні.
А пачыналася ўсё даволі банальна: з непатрэбных кавалкаў дошак гаспадар вырашыў рабіць домікі для птушак. Так гадоў дзесяць таму была «ўзведзена» першая шпакоўня, затым з’явіліся другая, трэцяя… Балазе, сёння ў пенсіянера часу хапае.
У вольную хвілінку Аляксандр Васільевіч любіць назіраць за сваімі пярнатымі суседзямі. «Кладзём птушкам проса, хлеб, семкі, але, здаецца, колькі не дай ім ежы, усё роўна будзе мала. Накідаеш семак з гарбузоў — сінічкі іх пахаваюць, а сойкі пакрадуць», — дзеліцца назіраннямі субяседнік.
Дарэчы, па-суседству з птушкамі ўжываюцца шэсць катоў і два шчанюкі. Апошнія не ўяўляюць для пярнатых небяспекі, а каб каты не мелі магчымасці папаляваць, гаспадар прымацаваў да дрэва бляху, якая не дае хатнім драпежнікам дабрацца да птушыных домікаў.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).