З пачаткам рэстаўрацыйных работ унікальны помнік архітэктуры Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў атрымаў новае жыццё: сёння на яго тэрыторыі ўжо існуе музей — самы малады ў Брэсцкай вобласці, які стаў культурна-турыстычным цэнтрам Ружаншчыны, а не так даўно на яго базе праводзілася рэспубліканскае свята «Ружанская брама» і прэзентацыя электроннага выдання «Сапегіяна» з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры РБ, дырэктараў расійскіх, польскіх і літоўскіх музеяў і архіваў, Брэсцкага аблвыканкама і мясцовай улады. Тым не менш, рэканструкцыя рэзідэнцыі знакамітага магнацкага роду, выкліканая мэтанакіраванай палітыкай па аднаўленні і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей Пружанскага раёна, павышэнні якасці паслуг для ўязнога турызму, усё яшчэ працягваецца. Згодна з заказам КУП «Пружанскае раённае упраўленне капітальнага будаўніцтва», генеральным падрадчыкам ААТ «Брэстрэстаўрацыяпраект» з пачатку бягучага года вядзецца чарговы этап работ, на які выдзелена 4 мільярды рублёў. Сёння робіцца атынкоўка, завяршаюцца дахавыя работы — заходні флігель павінен быць здадзены ў эксплуатацыю да пачатку 2012 года.
Не падобны на іншыя
Тым часам супрацоўнікі музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» распрацавалі і ўзгаднілі цікавую канцэпцыю па абсталяванні новых экспазіцыйных залаў у заходнім флігелі палаца. Дырэктар музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Руслан Кніга дзеліцца некаторымі планамі:
— Безумоўна, мы працягнем тэматыку гісторыі знакамітага магнацкага роду: хочацца шырэй ахапіць гісторыю дома Сапегаў на тэрыторыі Беларусі, расказаць пра ўплыў і ўклад гэтага роду з першага ўспаміну да сучаснасці.
Згодна з канцэпцыяй, у заходнім флігелі будуць тры экспазіцыйныя залы.
— Улічваючы тое, што гэты палацавы ансамбль, як і гісторыя мястэчка Ружаны ў цэлым, даволі ўнікальны, — расказвае Руслан Сяргеевіч, — нам не даспадобы ўжо заезджаная ідэя стварэння тыповага краязнаўчага музея. Менавіта таму мы сышліся ў меркаванні, што акцэнт павінен быць зроблены на гісторыі роду Сапегаў.
У гасцёўню, да канцлера
Паколькі менавіта з Сапегамі звязаны росквіт Ружан і атрыманне Магдэбургскага права, адна з залаў будзе прысвечана гісторыі мястэчка праз прызму гісторыі магнацкага роду. Яе прастору зоймуць вялікія панарамныя макеты, зробленыя па тых, што некалі стварылі прыдворныя архітэктары Сапегаў Бекер і Кадо.
— Будзе прадстаўлена гістарычная забудова Ружан: касцёл, ратуша, манастыр базыльян і уніяцкая (цяпер — праваслаўная) царква. Макеты гэтых аб’ектаў можна аднавіць па гістарычных чарцяжах.
Варта адзначыць, што і касцёл, і царква некалі мелі іншы выгляд, які толькі часткова супадае з сучасным. Акрамя таго, сярод гістарычных асаблівасцей Ружан, якой у свой час славілася мястэчка, — мануфактурная вытворчасць: ёй таксама будзе ўдзелена ўвага.
Другая зала — выставачная: у ёй будуць ладзіцца экспазіцыі мастакоў, якія працуюць па тэме гісторыка-культурнай спадчыны.
Але самай унікальнай, цікавай для наведвальнікаў, на думку цяперашніх гаспадароў палацавага комплексу, стане гасцёўня канцлера, дзе аматары гісторыі змогуць акунуцца ў эпоху даўніны. Па гэтай прычыне шмат сіл і сродкаў накіравана на стварэнне быту той эпохі: арыгінальная антыкварная мэбля, арыгіналы і копіі ваенных трафеяў, узбраенне і амуніцыя шляхты. Цікавымі будуць інтэр‘еры ўсіх залаў музея, над якімі працуе член Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь Ігар Мазалевіч.
Акрамя таго, у музеі плануецца ладзіць тэатральныя пастаноўкі, якіх распрацоўваецца некалькі варыянтаў, адзін з іх — прыезд каралевіча Уладзіслава ў Ружанскі палац на пачатку 17 стагоддзя. І, што найбольш цікава, прымаць удзел у аднаўленні гістарычных падзей змогуць не толькі акцёры, але і ўсе жадаючыя. Сёння ўжо ствараецца карэта, касцюмы, у тым ліку фрэйлінаў караля і служанак, над чарцяжамі якіх і вобразамі ў цэлым працуюць супрацоўнікі музея разам, а ажыўляе — Ігар Мазалевіч (ён жа займаўся і ўладкаваннем экспазіцыйнай і выставачнай залаў усходнягя флігеля).
Яшчэ адно памяшканне мяркуецца выдзеліць пад канферэнц-залу.
Інтэр’еру ў заходнім флігелі, у прыватнасці, элементам у стылі позняга класіцызму, барока і ракако, якія тут панавалі, калі ў палацы кіпела жыццё, будзе ўдзелена асаблівая ўвага. Сюды будзе перамешчана таксама большасць экспанатаў з усходняга флігеля.
Будуць і артэфакты
Згодна з Законам аб ахове культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, вясной бягучага года пачаліся археалагічныя пошукі на тэрыторыі заходняга флігеля палацавага комплекса, якімі заняліся супрацоўнікі «Брэстрэстаўрацыяпраекта» на чале з выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна А.А.Башковым. Плёнам гэтай работы сталі шматлікія прадметы, якія далі звесткі пра пэўны гістарычны перыяд: каля трох з паловай тысяч унікальных артэфактаў у бліжэйшы час папоўняць фонды музея. А лепшыя з іх зоймуць месца ў экспазіцыі: гэта і манеты, і ўнікальныя французскія кафлі з выявай родавых гербаў, і курыльныя люлькі, і рэчы ўжытку… Акрамя таго, сярод каштоўных знаходак аказаліся і сляды будынкаў 16 — 18 стагоддзяў (між іншым, сам заходні флігель, рэшткі якога цяпер і рэканструюцца, быў пабудаваны ў перыяд 1772-1790 гадоў, калі палацам валодаў Аляксандр Міхал Сапега): у прыватнасці, была знойдзена кладка будынка перыяду Льва Сапегі, а некаторыя нумізматычныя знаходкі даюць падставу сцвярджаць, што перыяд іх ужывання датуецца прыкладна 1550 годам — перыяд валодання Ружанамі Васілём Тышкевічам. Адкапаная кладка застанецца захаванай і закансерваванай у грунце: яна будзе змешчана пад шкло і асвятляцца, — каб некалькі квадратных метраў даўніны таксама захаваліся для нашчадкаў.
Заглянем наперад
Але гэта далёка не ўсё, побач з чым будуць жыць ружанцы і што змогуць убачыць турысты. Тэрыторыю палаца плануецца абсталяваць і часткова абгарадзіць так, як указана на чарцяжах, якія захоўваюцца ў кабінеце рэдкіх гравюраў у Варшаве, і фотакопіях, што ёсць у музеі. Уязную браму ўпрыгожыць скульптурная кампазіцыя, падобная на тую, што была тут у перыяд росквіту палаца і стваралася прыдворным архітэктарам Я.С. Бекерам: як і стагоддзі таму назад, яна будзе нагадваць пра веліч роду Сапегаў — ваенную, культурную ў перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Рэчы Паспалітай. А флігелі аздобяць элементы фларыстыкі (яны былі ў часы Аляксандра Міхала Сапегі) — надаконныя элементы, імітуючыя лаўровыя вянкі — сімвал славы, перамогі і міру… І здаецца, у палаца ёсць усе шанцы стаць цэнтрам беларускага турызму.
Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).