Нашым партнёрам па Мытным саюзе Расійскай Федэрацыяй былі прыняты дзеянні ў адказ на санкцыі, якія ўвялі краіны Еўрасаюза і Злучаныя Штаты на працягу некалькіх апошніх месяцаў. Як адзначаюць эксперты, такія санкцыі заўсёды з’яўляюцца бумерангам, які можа закрануць не толькі канкрэтную краіну-мэту, але і суседнія дзяржавы. У тым ліку і нашу Беларусь.
Згодна з прынятым рашэннем, забаронены ўвоз у Расію харчавання з ЕС, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі. Гэта зноў жа можа прынесці некаторыя вынікі і для нашай рэспублікі, у залежнасці ад таго, як мы здолеем выкарыстаць сітуацыю.
У чым наш інтарэс?
На вышэйшым узроўні ў Расіі заявілі, што Беларусь прыцягвае ўвагу, як адказны пастаўшчык якаснай мясной і малочнай прадукцыі, а таксама тавараў плодаагародніннай перапрацоўчай прамысловасці. Гэта пацвердзілі і вядучыя расійскія сродкі масавай інфармацыі, якія па сваіх каналах наглядна прадэманстравалі магчымасці беларускага харчовага сектара эканомікі.
У сярэдзіне мінулага тыдня адбылася сутрэча віцэ-прэм’ера РБ Міхаіла Русага з яго расійскім калегам Аркадзем Дварковічам, пасля якой беларускі чыноўнік зазначыў, што Беларусь гатова павялічыць пастаўкі ў Расію на 15-50% у залежнасці ад відаў харчавання.
Па словах Міхаіла Русага, пастаўкі малочнай прадукцыі могуць узрасці на 40-50%, у тым ліку сыроў — на 40 тысяч тон, мясных паўфабрыкатаў — на 15-40%, агародніны — да 40%, бульбы — у два разы. Адбудзецца гэта, на яго думку, за кошт пераразмеркавання геаграфіі паставак. І гэта, па папярэдніх падліках, дазволіць папоўніць бюджэт за кошт павелічэння экспарту дадаткова на 6,3-6,5 мільярдаў долараў ЗША.
Якія маем магчымасці?
Не будзем аналізаваць работу ўсёй харчовай прамысловасці рэспублікі, а паспрабуем знайсці адказ на гэтае пытанне ў разрэзе перапрацоўчых прадпрыемстваў нашага раёна. Асноўнымі экспарцёрамі харчавання ў Расію з’яўляюцца ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і СТАА «Юнімілк Пружаны», таксама некаторую частку сваёй прадукцыі адгружаюць суседнім пакупнікам ААТ «Пружанскі кансервавы завод» і рай-спажыўтаварыства.
Як расказвае галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні малочнага камбіната Л.П.Туціна, яшчэ тыдзень таму былі праблемы са збытам. У прынцыпе гэта не тычыцца цвёрдых сыроў, рэалізацыя якіх і зараз працягваецца ў планавым рэжыме. На складах заставаліся толькі невялікія рэшткі, што сведчыць аб стабільным попыце на пружанскую сырную прадукцыю на расійскіх рынках. А вось попыт на масла не радаваў. Сёння сітуацыя павярнулася іншым бокам, і склады з гэтым відам прадуктаў значна разгрузіліся.
Камбінат працуе з дыстрыб’ютарамі, якія прадстаўляюць інтарэс пружанскіх сыраробаў у Ра-сійскай Федэрацыі. І ад іх стала паступаць інфармацыя, што прадукцыяй, а значыць, і магчымасцю ўклініцца ў сістэму дагавораў, ушчыльную зацікавіліся іншыя пакупнікі.
Па словах Людмілы Пятроўны, цікавяцца пакупнікі не толькі дарагімі сырамі, накшталт тых, якія раней пастаўляліся на рынкі Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых расійскіх мегаполісаў з Еўропы, але і прадукцыяй больш таннай. У якасці прыкладу можна прывесці вынікі гандлёвай сесіі Беларускай універсальнай таварнай біржы: такой колькасці здзелак галоўны маркетолаг прадпрыемства яшчэ не памятае.
У многім ад сезону залежыць ААТ «Пружанскі кансервавы завод». Як расказвае яго дырэктар Д.М.Красевіч, па многіх пазіцыях бягучы год не прынёс непрыемных вынікаў: традыцыйна выпускаецца прадукцыя з суніц, парэчак, яблыкаў, агуркоў і памідораў. Хаця тыя падзеі, што адбываюцца ў суседняй Украіне, наклалі адбітак і на асартымент прадпрыемства. Напрыклад, раней у вялікіх аб’ёмах з Малдовы ў Пружаны пастаўляліся абрыкосы, але сёлета канал быў перакрыты. Наконт геаграфіі паставак таксама не плануюцца змены: раён, вобласць і рэспубліка. Частка прадукцыі пружанскіх кансервавікоў традыцыйна накіроўвалася таксама ў Калінінград і Калінінградскую вобласць. Аднак, як зазначае Дзмітрый Мікалаевіч, пэўныя змяненні ў попыце адчуваюцца: да прыкладу, нядаўна асартыментам завода зацікавіліся патэнцыяльныя пакупнікі з Астрахані.
Ці здолее нарасціць экспарт за кошт садавіны і агародніны Пружанскае райспажыўтаварыства? Гэта пытанне пакуль не мае адказу. Намеснік старшыні па нарыхтоўках А.А.Яроцкі зазначае, што пакуль вялікага попыту не заўважана. Справа ў тым, што закупкі сельскай прадукцыі арганізацыя ажыццяўляе ад прыватных здатчыкаў, з-за чаго не заўсёды агародніна або садавіна адпавядае стандартам. Кааператары не выключаюць, што ў будучым могуць з’явяцца і канкрэтныя прапановы аб супрацоўніцтве. Тады трэба актывізавацца буйнатаварным вытворцам, бо прыватны сектар наўрад ці ўдасца падвесці пад вызначаныя параметры, асабліва цэнавыя. Як паказвае практыка мінулых гадоў, не заўсёды ра-сійскія пакупнікі згаджаюцца на павелічэнне цэн.
Начальнік вытворчасці СТАА «Юнімілк Пружаны» Я.А.Яркіна не выказала ніякіх сумненняў наконт таго, што сітуацыя, якая склалася за мінулыя гады, зменіцца нейкім чынам. Стратэгія буйнога холдынга, у які ўваходзіць і пружанскае прадпрыемства, складваецца з улікам многіх фактараў. А магутнасці развіваюцца толькі тады, калі ёсць попыт на ўвесь аб’ём выпускаемай прадукцыі. Словам, мадэрнізаваць асобны завод, каб павысіць яго прадукцыйнасць на кароткай дыстанцыі, немагчыма, тут патрэбна маштабная і доўгатэрміновая праграма. Часцей за ўсё некаторыя ўсплескі попыту ў той ці іншай мясцовасці перакрываюцца за кошт пераразмеркавання патокаў прадукцыі. На прадпрыемстве адказна ставяцца да напаўнення беларускага сегменту рынку. Свае абавязкі, як зазначае Яна Аляксееўна, яны выконваюць на 111% ад узятых абавязацельстваў. Прычым на нашы прылаўкі малако «Юнімілк Пружаны» пастаўляецца па зніжаных цэнах. Стратэгія будучага тут бачыцца ў іншым: гэта павелічэнне тэрмінаў захоўвання за кошт выкарыстання новых тэхналогій апрацоўкі сыравіны. Такім чынам можна і трымаць пастаянны запас прадукцыі, і пашыраць геаграфію збыту.
Каб утрымацца на хвалі попыту, трэба распрацоўваць новую стратэгію ўзаемаадносінаў з замежнымі пакупнікамі. Аднак гэта не так лёгка зрабіць, і ўвогуле ці ёсць сэнс змяняць? Прычын крытычна ставіцца да далёкіх перспектыў вельмі многа. Пачнем з таго, што санкцыі Расійскай Федэрацыяй уво-дзяцца тэрмінам на адзін год, але не выключана, што яны, па дасягненні паразуменняў з еўрапейскімі партнёрамі, могуць скончыцца і раней. Ні за год, ні тым больш за кароткі тэрмін беларуская прамысловасць, у прыватнасці нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, правесці мадэрнізацыю не паспеюць. Як, дарэчы, і сельская гаспадарка павялічыць вытворчасць малака.
На маю думку, нельга захапляцца магчымасцямі нарошчвання далейшага супрацоўніцтва: маўляў, Еўропа згубіць пакупнікоў, якія стануць нашымі. На жаль, узровень падтрымкі сельскай гаспадаркі ў еўрапейскіх дзяржавах на некалькі парадкаў вышэй, чым у краінах былога сацыялістычнага лагера. Гэта дазваляе фермерам Еўрасаюза пастаўляць на прылаўкі магазінаў харчаванне па цэнах нават ніжэй яго сабекошту (гэта ў адрас тых, хто здзіўляецца, чаму галандскі сыр танней за пружанскі). У выніку субсідзіраванне некаторых галін аграпрамысловага комплексу на Заха-дзе можа дасягаць 70%! Відавочна, што пасля заканчэння дзеянняў санкцый у еўрапейцаў не выкліча складанасцей неабходнасць заваёўваць расійскі рынак нанава.
А як жа з жаданнямі?
Яшчэ памятаецца той перыяд, калі неразбярыха на валютным рынку прывяла да павелічэння экспартнага патоку харчавання за межы краіны. На прылаўках магазінаў паменшала сыроў, масла, малака і многіх іншых пазіцый, бо прыцягальнасць цэн на знешніх рынках пераарыентавала вытворцаў і забяспечваючыя арганізацыі на Расію. Давялося нават тэрмінова ўводзіць абмежаванні на вываз цэлага спісу прадуктаў, каб абараніць унутранага пакупніка.
Сёлетняя сітуацыя адрозніваецца па многіх параметрах, аднак у многіх нашых чытачоў зноў узніклі падазрэнні, што мясцовыя вытворцы скарыстаюцца павышаным попытам за межамі краіны і прынясуць пружанскія прылаўкі ў ахвяру магчымасці зарабіць валюту. Дык ці застануцца паліцы пры тым жа напаўненні і ці не будуць узрастаць цэны, каб ураўняць расійскіх і беларускіх спажыўцоў у правах на тавар?
Прылаўкі пружанскіх магазінаў, як запэўнілі кіраўнікі вышэйназваных арганізацый, пастараюцца не крыўдзіць ніякім чынам. Напрыклад, малочны камбінат і раней амаль усю сваю прадукцыю экспартаваў за межы рэспублікі, пакідаючы на мясцовым рынку не больш 10% ад вырабленага.
Пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту не складана і для ААТ «Пружанскі кансервавы завод». Па-першае, яны адказна ставяцца да заключаных дагавораў, таму ў поўным аб’ёме будуць забяспечваць сваіх пакупнікоў. Па-другое, у асноўным магутнасці прадпрыемства загружаны пад заказ: колькі жадае заказчык, столькі прадукцыі і будзе выпушчана. А ра-сійскія кампаніі жадаюць супрацоўнічаць, пакуль не могуць сказаць адназначна, якая прадукцыя і ў якім аб’ёме ім спатрэбіцца. Зразумела, што восенню і зімой, калі ў іх узнікне попыт на марынаваныя агуркі, ніхто не зможа задаволіць патрэбы. Хаця ўсё-такі некаторыя магчымасці на заводзе не выключаюць: сёння не ўсе мясцовыя рэалізатары праяўляюць актыўнасць у заключэнні дагавораў з кансервавым прадпрыемствам. Пакуль толькі рай-спажыўтаварыства і аддзелы адукацыі Пружанскага і іншых раёнаў паклапаціліся аб падпісанні адпаведных дамоў. Таму не выключана магчымасць заключэння дагавораў з іншымі пакупнікамі.
Нават пры самым выгадным развіцці падзей райспажыўтаварыства не зможа пакінуць мясцовага пакупніка без прадуктаў. Справа ў тым, што арганізацыя адказвае за раённыя закладкі, якія рэгулююцца рашэннямі мясцовай улады. А гэта азначае, што ёсць стартэгічны недатыкальны запас, які абавязкова павінен быць пастаўлены ў пружанскія магазіны. Спіс складаецца з многіх пазіцый. Збыт прадукцыі староннім пакупнікам магчымы толькі ў такім выпадку, калі на яе знізіцца попыт і пагоршыцца планавая рэалізацыя.
Ніякіх рэзалюцый аб змяненні геаграфіі паставак ад галаўнога кіраўніцтва не атрымлівалі і на «Юнімілк Пружаны». Сваю ролю на прадпрыемстве бачаць у першую чаргу з улікам строгіх абавязацельстваў перад беларускай дзяржавай і яе ўрадам. Таму ніякія змены ў аб’ёмах і рэгіянальных маршрутах паставак тут не разглядаліся.
Не так адназначна адказваюць субяседнікі наконт цэнавага фактару. Тут трэба ўлічваць і аб’ектыўныя прычыны, у тым ліку закупачныя цэны, якія могуць узрасці. А гэта, безумоўна, адаб’ецца на кошце канчатковага прадукту. Аднак ні ў якім разе магчымы рост цэн не будзе звязаны з павелічэннем попыту. Аб чым сведчаць і былыя прыклады, калі кансервавы завод пастаўляў сваім партнёрам па дагаварах прадукцыю па старых цэнах, нават пасля павелічэння кошту долара ўтрая. На бліжэйшую перспектыву падстаў для значнага павелічэння цэн на харчаванне перапрацоўшчыкі не бачаць.
На здымках:
1. Экспертная прадукцыя «ЮНІМІЛК Пружаны».
2. Мікрабіёлаг Пружанскага кансервавага завода В.А.Халецкая сочыць за адгрузкай прадукцыі.
3. Склад малочнага камбіната, дзе захоўваецца сыр, апошнім часам значна апусцеў.
Фота аўтара.