Суббота, 8 февраля 2025

Возле часовни в Поддубно перезахоронили останки участников Городеченской битвы 1812 года

2 148

Прагрэты не па-беларуску гарачым сёлетнім сонцам лес салодка пахнуў сухімі зёлкамі і крышачку ладанам. Зялёныя вершаліны соснаў пахістваліся на фоне яркага блакіту неба, патрывожаныя ці-то свежым ветрыкам, ці-то музыкай духавога аркестра. Рыжыя мурашы шырокай калонай дзелавіта беглі па сваіх мурашыных справах. І толькі ярка-жоўты пагорак свежага пяску нагадваў, з якой нагоды сабралася каля капліцы ў ваколіцах Паддубна столькі людзей.IMG_9597o

Удзел у цырымоніі перапахавання астанкаў рускіх, аўстрыйскіх і саксонскіх воінаў, палеглых у Гарадзечненскай бітве 1812 года, каля помніка-капліцы прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай выканаўчай  улады, Шаняўскога сельвыканкама, ваенкамата, воінскіх часцей, казакі, мясцовыя жыхары, школьнікі і моладзь.IMG_9547

Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Кудравец нагадаў,  што больш за 200  гадоў прайшло з таго часу, як ва ўрочышчы Высокая Гара ў двух кіламетрах ад Паддубна адбылася бітва, увайшоўшая ў гісторыю Айчыннай вайны 1812 года як бітва пад Гарадзечна. Ра-сійскія войскі пад камандаваннем генерала Тармасава змагаліся з аўстра-саксонскім корпусам Шварцэнберга і Рэнье. Бітва, якая доўжылася толькі адзін дзень, унесла жыцці тысяч салдат.IMG_9578

Беларусы заўсёды славіліся сваёй павагай да гісторыі, да воінскага подзвігу.  Не выключэнне — Пружаншчына. Амаль штогод на тэрыторыі раёна працуюць спецыялісты 52-га батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Вядуць пошукавыя работы на раней невядомых воінскіх пахаваннях. Сёлета напрыканцы красавіка каля вёскі Харкі Шаняўскога сельсавета таксама пачаліся раскопкі, якія доўжыліся да ліпеня. У ходзе іх выяўлены астанкі 29 рускіх, аўстрыйскіх і саксонскіх салдат.

Арганізацыяй перапахавання заняўся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Значную дапамогу аказалі КУВП «Камунальнік», Шаняўскі сельвыканкам і інш.IMG_9464 IMG_9472 IMG_9671

 

Жалобны мітынг адкрыў выконваючы абавязкі намес-ніка камандзіра воінскай часці 02181 па ідэалагічнай рабоце маёр Уладзімір Ляўковіч. Нагадаў аб падзеях вайны 1812 года, аб стратах і бедствах, якія прынесла нашэсце Напалеона нашай зямлі. Наша цяперашняя задача – захаваць гэтыя помнікі гісторыі для будучых пакаленняў.

Кандыдат гістарычных навук Леанід  Несцярчук кажа:IMG_9570

—Мяне часта пытаюць: прайшло столькі гадоў, чаму вы толькі сёння займаецеся гэтым перапахаваннем? Скажу шчыра: усё рухаецца па чарзе. Спачатку аднавілі Гарадзечненскі Свята-Пакроўскі храм (ён быў асвечаны ў 1991 годзе), яшчэ праз два гады — гэты помнік-капліцу, пабудаваную да 100-годдзя Гарадзечненскай бітвы і  разбураную падчас Вялікай Айчыннай вайны…

І вось дайшла чарга да вёскі Харкі. Каля яе было брацкае пахаванне, але воіны колькіх краін і якіх нацыянальнасцей пахаваны там, цяпер можна толькі здагадвацца. Нагадаю: усяго ў гарадзечненскай бітве прынялі ўдзел больш 60 тысяч чалавек з абодвух бакоў, амаль дзясятая частка іх загінулі.

Асвяцілі  магілу і памаліліся за ўсіх памерлых, загінуўшых на гэтай і іншых войнах, святары. Ксёндз касцёла Святой Тройцы Яцэк Дубіцкі сказаў: «Мы памолімся, мы заплачам. Хто яшчэ аплача гэтых невядомых воінаў? Невядома, колькі іх яшчэ застаюцца непахаванымі ў лесе, гэта ведае толькі Усявышні».IMG_9445 IMG_9489 IMG_9699 IMG_9712

Аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці, перадачы  яе з пакалення ў пакаленне казаў  настаяцель Свята-Пакроўскага храма айцец Георгій Хадыніцкі. «Толькі так, — лічыць ён, —  можна пазбегнуць паўтарэння гістарычных памылак. Тады будзе над намі неба сіняе і сонца яркае, будзе над намі блаславенне Божае».

Ініцыятарам правядзення пошукавых работ стаў ура-джэнец  вёскі Харкі, вядомы брэсцкі навуковец і краязнаўца Леанід Несцярчук. Падыходжу да яго з пытаннем:

—Леанід Міхайлавіч, так разумею, гэты этап Вашай дзейнасці завершаны? Якія новыя планы?

—Трэба з воінскім пахаваннем у Харках разабрацца да канца. Раскопкі завершаны, але,  думаеце, там мала чаго засталося? Усё ж зарослае, гектара паўтара, нельга поўнасцю перакапаць. Мы з Мікалаем Пятровічам Кудраўцом дамовіліся: крыж, што на гэтым месцы раней стаяў, аднавіць, камень побач паставіць і  шыльдачку, што гэта воінскае пахаванне 1812 года.

Што тычыцца маіх асабістых планаў, то хутка чакаецца выхад кніжкі пра Міхала Клеафаса Агінскага — да 250-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Дарэчы, мяне ўключылі ў рабочую групу па стварэнні яго музея.

Гэта такія задачы сучасныя. А ў перспектыве, як Бог дасць. Ёсць задумкі, якія цяжка рэалізаваць. З гэтымі раскопкамі пяць гадоў пытанне вырашалі… Мне казалі: не трэба рушыць нічога. Ну як не трэба? Вось цяпер  дастойна ўшанавалі і адпелі душы. Памятаеце выказванне: вайна не скончыцца да таго часу, пакуль з гонарам не будзе пахаваны апошні салдат? Дык гэта і наш абавязак.

Ірына Сядова, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *