Пад такой назвай у нашай газеце за 27 красавіка (№33) быў надрукаваны крытычны матэрыял аб праблеме, якая існуе ў раёне з адстрэлам безнаглядных сабак. Як сведчыць з артыкула, аўтар таксама выступае за барацьбу з бадзяжнымі і безнагляднымі жывёламі ў горадзе, але гуманным спосабам: метадам адлову. І толькі пасля таго, як не будзе ўстаноўлены гаспадар сабакі (а, згодна з Правіламі ўтрымання хатніх жывёл і іх адлову ў населеных пунктах, даецца для гэтага тры дні) — за іх эўтаназію.
У матэрыяле прыводзіліся канкрэтныя факты варварскага знішчэння сабак работнікамі камунальнай службы. Як сведчыць з рэагавання начальніка РАУС падпалкоўніка міліцыі Д.Г.Няхаева, прыведзены ў артыкуле факт адстрэлу безнаглядных сабак прызнаны незаконным. Супрацоўнікамі міліцыі была праведзена праверка, у выніку якой у адносінах В.Н.Катылы складзены адміністрацыйны пратакол па арт.17.2 КоАП РБ (за стральбу з агнястрэльнай зброі ў населеным пункце ці месцы, не прызначаным для стральбы). На момант выхаду гэтага артыкула суд прызнаў дзеянні Катылы незаконнымі, за што і аштрафаваў вінаватага.
“Адначасова, — паведамляецца ў рэагаванні з міліцыі, — кіраўніцтву КУВП “Камунальнік” растлумачана, што, згодна з арт.17.2 КоАП Рэспублікі Беларусь, стальба з агнястрэльнай зброі ў населеным пункце ці ў месцы, не прызаначаным для стральбы, забаронена. Аднак згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх жывёл, а таксама іх адлову ў населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”, адстрэл безнаглядных жывёл у населеных пунктах дапускаецца ў выключных выпадках па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў”.
І хоць прыведзены ў артыкуле факт не быў прызнаны райвыканкамам “выключным”, свае дзеянні па адстрэлу сабак у КУВП “Камунальнік”, відаць па ўсім, “незаконнымі” прызнаваць не хочуць.
У сувязі з апублікаваным у газеце артыкулам “Дзікае паляванне”, паведамляецца ў рэагаваннях, атрыманых з “Камунальніка” і за подпісам начальніка аддзела архітектуры і будаўніцтва райвыканкама А.В.Бушука, мерапрыемствы па барацьбе з безнагляднымі жывёламі ў горадзе праводзяцца на падставе “Правілаў утрымання хатніх жывёл”, зацверджаных рашэннем Пружанскага раённага Савета дэпутатаў ад 27.12.2001г. №86, а таксама пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2001г. №23 і ў сувязі са зваротамі грамадзян па пытаннях павелічэння колькасці бадзяжных сабак, якія ствараюць пагрозу здароўю грамадзян.
13 красавіка, сцвярджаецца ў рэагаваннях, паступалі шматлікія звароты грамадзян В.С.Ясінскай і Н.Л.Панамарэнка ў дыспетчарскую службу КУВП “Камунальнік”, філіял “Жилищник” КУВП “Камунальнік” (аб чым сведчыць аўтаматычная сістэма захоўвання моўнага запісу) з нагоды знаходжання безнагляднага сабакі каля прыватнага дома. Яны сцвярджалі, што сабака паводзіць сябе агрэ-сіўна, замінае пражываючым у дамах.
“У ходзе абследавання было ўстаноўлена, што, сапраўды, на двары па згаданым адрасе знаходзіўся вялікі сабака без намордніка і ашыйніка. Спроба адагнаць яго з двара не дала выніку. Паколькі гаспадара сабакі ўстанавіць не ўдалося (сабака не быў зарэгістраваны ў філіяле “Жилищник”, а значыць, не меў заалагічнага пашпарта на жывёлу), з мэтай папярэджання пакусаў людзей і на падставе акта абследавання камісіяй КУВП “Камунальнік” ад 13.04.2011 г. было прынята рашэнне аб адстрэле сабакі”.
Аднак няўжо жэтон аб рэгістрацыі важней за вусныя просьбы гаспадара сабакі? Такія просьбы паступілі раней, чым быў зроблены адстрэл. І няўжо змянілася б сітуацыя, каб сабака быў зарэгістраваны, але знаходзіўся без ашыйніка? Такое, як вядома, таксама бывае…
На мой погляд, гэта прыклад поўнага бяздушша і неналежнага выканання сваіх службовых абавязкаў чалавекам, які кіраваў адстрэлам.
Праўда, даць штуршок для гуманнага вырашэння праблемы адлову безнаглядных сабак у горадзе, нам, відаць, усё ж удалося.
“Паколькі ў артыкуле, — гаворыцца ў рэагаванні і афіцыйнай інфармацыі з “Камунальніка”, — падняты і іншыя актуальныя пытанні, паведамляем, што зараз вырашаецца пытанне аб магчымасці ўтрымання вальера для адлоўленых сабак, яго фінансавання, у тым ліку і за кошт добраахвотных узносаў з уладальнікаў хатніх жывёл. Для эўтаназіі безнаглядных жывёл ужо набыта спецыяльная стрэльба, якая страляе шпрыцамі са спецрастворам. За 5 месяцаў бягучага года ў раёне адстрэлена 73 безнаглядныя сабакі, за 2010 – 342”.
Хочацца верыць, што цяпер сітуацыя ў раёне не будзе такой “забойнай”, як летась. Тым больш, як сведчыць практыка работы нашых суседзяў з Бярозы – КУЖЭП “Бярозажылсервіс”, вырашаць “сабачую” праблему можна па-чалавечы. Пачынаючы з 2000 года там штогод адлоўліваецца прыблізна па 700 сабак і 400 катоў. Заўважце: адлоўліваецца, а не няшчадна, без разбору адстрэльваецца.
Галіна Каляда.