Пятница, 13 июня 2025

Взлетит ли «Беркут»? Молодежному отряду в январе исполнилось 20 лет

2 242

Памятаю, як адзначалася дзесяцігоддзе АМАД «Беркут», калі ўрачыстасць праходзіла ў Палацы культуры са шматлікімі віншаваннямі і песнямі. Сёлета маладзёжнаму атраду споўнілася 20 гадоў, але пра іх нічога не было чуць. Спачатку падумалася, што такога грамадскага аб’яднання ўжо ўвогуле не існуе. Але, калі трапіў на вячэрнюю трэніроўку «беркутаўцаў», дзе налічыў 17 юнакоў і дзяўчат, то памяняў меркаванне. А вось пытанні засталіся, якія і адрасаваў трэнеру і кіраўніку атрада В.М.Зелянееву.Беркут 29

На самай справе, як зазначыў Валерый Мікалаевіч, «Беркут» працягвае супрацоўнічаць з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі падчас розных мерапрыемстваў. Не складваюць атрадаўцы з сябе абавязкі па догляду магіл тых, хто загінуў выконваючы свой салдацкі абавязак у розных войнах і канфліктах, аказваюць дапамогу ветэранам. Аднак, як пагадзіўся са мной настаўнік «беркутаўцаў», усё гэта — «паркетныя» мерапрыемствы, а вось у якасці дружыннікаў выхаванцаў В.М.Зелянеева даўно ніхто не бачыў.

— Мы з ахвотай хацелі б працягваць супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі,  — гаворыць Валерый Мікалаевіч.— Аднак супраць гэтага выступаюць розныя заканадаўчыя нормы.

Вось гэта і здзіўляе: чамусьці ў нас стала лягчэй забараніць, чым ініцыяваць прыняцце рашэнняў, якія б дапамагалі развіваць добрую справу.Беркут 5

З настальгіяй успамінаў В.М.Зелянееў і аб былым цесным супрацоўніцтве з пагранічнікамі, калі  юнакі праводзілі нямала часу на заставах, дзе асвойвалі многія навыкі вайсковай службы, дапамагалі пагранічнікам у гаспадарчых справах і проста сябравалі. Цяперашні склад атрада ўспрымае аповяды настаўніка са здзіўленнем: калі б не выразкі з газеты пра тыя часы, то ўвогуле не паверылі б.

— Магчыма, час, калі «Беркут» быў патрэбны грамадству, ужо мінуў?

У якасці адказу Валерый Мікалаевіч прапанаваў мне пагаварыць з падлеткамі, якія прыйшлі ў атрад па ўласным жаданні, без усялякага прымусу.

Мікалай Касянюк:

— Прыйсці ў «Беркут» мне параіў сябар і, паверце, не пашкадаваў аб такім выбары. Хаця яшчэ ўспамінаю сваю першую трэніроўку, пасля якой думаў, што не змагу рухаць нагамі або рукамі. Але цяпер кідаць не збіраюся.

Марыя Шамшорык:

— Займаюся тут год, нягледзячы на вялікую занятасць стараюся не прапускаць трэніроўкі. Для чаго гэта мне? Ведаеце, мне не страшна хадзіць па вячэрніх Пружанах, нават па тых завулках, дзе цёмна.

Потым настаўнік «беркутаўцаў» расказаў, як трапляюць да яго юнакі і дзяўчаты, дакладней, з якімі фізічнымі магчымасцямі. Кожны другі юнак на сваёй першай трэніроўцы ледзь мог адціснуцца ад падлогі. Летам запісаўся юны гараджанін, у якога ўвогуле не было каардынацыі рухаў, а зараз ён з лёгкасцю выконвае арабскае сальта.

Аднак фізічная падрыхтоўка, навучанне баявым прыёмам —гэта другаснае дапаўненне асноўнага навучання, якое праводзіць са сваімі выхаванцамі трэнер. Па-першае, тут патрабуюць адмовіцца ад усіх заганных звычак, па-другое, быць ветлівым, не забывацца гаварыць добрыя словы навакольным і нават незнаёмым людзям. І па-трэцяе, ніколі не выкарыстоўваць свае навыкі для агрэсіі.

— Ёсць два біблейскія правілы «Падстаў другую шчаку для ўдару» і «Вока за вока…», але ніводнае з іх не з’яўляецца для нас асноўным. Мы кіруемся «сярэднім» паміж імі: калі праціўнік не разумее добрых слоў і нападае на цябе, то яго давядзецца супакоіць з дапамогай фізічнага ўздзеяння.

Аглядваючыся назад, Валерый Мікалаевіч не шкадуе, што стварыў «Беркут» і аддаў гэтай справе 20 гадоў свайго жыцця. Тыя 14- або 15-цігадовыя падлеткі, хто прыйшоў сюды ў 1996-м, сёння — сталыя мужчыны, якія занялі сваё месца ў грамадстве, хаця некаторыя з іх маглі стаць героямі крымінальных зводак. Многія служаць у арміі, у праваахоўных органах.  Спадзяецца трэнер, што і цяперашнія «беркутаўцы» стануць дастойнымі людзьмі ў грамадстве.

Алег СІДАРЭНКА (фота аўтара).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *