Можна было б сказаць, што Мікалай Дурэйка ўсё жыццё пражыў у Карасях, калі б не некалькі гадоў, якія з-за вайны яму давялося правесці ўдалечыні ад родных мясцін.
— Дзяцінства праходзіла так, як ва ўсіх маіх аднагодкаў, у сельскіх клопатах, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Сям’я наша лічылася серадняцкай: бацькі мелі пяць гектараў зямлі, трымалі карову, каня, свіней ды авечак. Больш даводзілася дапамагаць па гаспадарцы, чым вучыцца: на досвітку гнаў кароў, пасля на некалькі гадзін падмяняла маці — я бег на заняткі ў польскую сямігодку.
Такое мернае жыццё раптоўна змянілася, калі ў вёсцы з’явіліся немцы. Калі пачалася вайна, Мікалаю Іванавічу было ўсяго 18. Спачатку юнак працаваў на лесанарыхтоўках на радзіме, а затым у 1943-м быў высланы на такія ж работы ва Усходнюю Прусію (сучасны горад Чарняхоўск Калінінградскай вобласці). Цяжкія прымусовыя работы закончыліся ў 1945 годзе, калі вязняў вызвалілі чырвонаармейцы. Усяго тыдзень няхітрай ваеннай падрыхтоўкі — і Мікалай Іванавіч стаяў у строі пяхотнага полка. Але паваяваць з ненавісным ворагам давялося ўсяго некалькі месяцаў: радавы Дурэйка атрымаў раненне.
— У ходзе вайсковай аперацыі вызваляў Усходнюю Прусію, але дайсці ўдалося толькі да Кёнігсберга, — расказвае ветэран. — Падчас аднаго з баёў, я з баявымі таварышамі трапіў пад моцны мінамётны абстрэл, асколак перабіў мне нагу.
Вестку пра Вялікую Перамогу баец пачуў ужо ў шпіталі, дзе правёў каля паўгода. Дамоў вярнуўся з трэцяй групай інваліднасці. Яшчэ добры год давялося далечвацца дома. А як толькі пайшоў на папраўку, адразу ж за працу. Крыху папрацаваў на мэблевым камбінаце ў Ружанах, быў зборшчыкам малака ў мясцовым калгасе, а пазней падаўся ў лясную гаспадарку, дзе да пенсіі — каля трыццаці гадоў —займаўся нялёгкай справай вальшчыка лесу.
Сёння Мікалай Дурэйка — напэўна, адзіны ветэран на ўсе бліжэйшыя вёскі. Нягледзячы на паважаны ўзрост, ветэран стараецца абыходзіцца сваімі сіламі: дзеці даўно, быццам птушкі, разляцеліся з бацькоўскага гнязда, каля дваццаці гадоў таму не стала і вернай спадарожніцы жыцця. Тым не менш, спазнаўшы нямала нягод на сваім шляху, Мікалай Іванавіч навучыўся радавацца усяму, што дорыць жыццё.
Марына Вакульская, фота аўтара.