У журналістаў часта цікавяцца, як яны знаходзяць тэмы для сваіх артыкулаў? Па-рознаму, але найчасцей — дзякуючы чытачам: менавіта яны не толькі ўказваюць на праблемы, падказваюць тэмы для крытычных публікацый, але і расказваюць пра сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў, дастойных таго, каб пра іх ведалі і астатнія.
Адным з такіх дарадчыкаў з’яўляецца і У.В.Мацяш. Нягледзячы на тое, што Уладзімір Васільевіч жыве ў сталіцы, ён не губляе сувязей са сваёй малой радзімай і цікавіцца жыццём Пружаншчыны, падтрымлівае зносіны з яе жыхарамі. Нядаўна ён расказаў нам пра свайго сябра Міхаіла Хоміча з вёскі Сухопаль. Біяграфія Міхаіла Нікіфаравіча вельмі насычаная: ваенныя выпрабаванні, педагагічная дзейнасць, актыўная сталасць.
Але аб усім па парадку.
— Нарадзіўся я ў Сухопалі, у вялікай сялянскай сям’і, у якой было сямёра дзяцей, — расказвае Міхаіл Нікіфаравіч. — Дзяцінства быццам бы такое, як ва ўсіх маіх аднагодкаў. Закончыў сем класаў польскай школы, але, калі прыйшлі саветы, прыйшлося спасцігаць азы навукі зноў: рускай мовы амаль не ведаў, таму адправіўся ў пяты клас перавучвацца.
Дзякуючы бацькоўскай працавітасці і прадпрымальнасці, сям’я сярэдняга дастатку змагла стаць больш заможнай. Субяседнік успамінае:
— Бацька Нікіфар Андрэевіч, калі абзавёўся сям’ёй, прыкупіў тры гектары зямлі, паставіў дом. Дзякуючы яго дзелавітасці, у нас на стале заўсёды быў хлеб і да хлеба. Ён быў майстрам-каўбаснікам, а ў выніку свой цэх адкрыў: «хамічоўскія» каўбасы славіліся не толькі ў наваколлі, нават у знакамітым Елісееўскім гастраноме ў Маскве іх прадавалі. Тым часам мама Ганна Ільінічна пякла на продаж смачныя духмяныя булкі.
Ніхто не ведае, як склаўся б лёс Хомічаў, каб не пачалася вайна.
Сястра Надзя загінула ў самым пачатку: у чацвер паехала ў Брэст на вучобу, а ў нядзелю, 22 чэрвеня, была паранена і, верагодней за ўсё, памерла ці расстраляна ў шпіталі. Звестак пра яе лёс і месца пахавання так і не ўдалося высветліць. 17-гадовага Міхаіла ў красавіку 1942-га адправілі на прымусовыя работы.
— Моладзь з усёй гміны сабралі ў Белавежы і пагналі ў Беласток. З Сухопаля нас трое было, — успамінае Міхаіл Нікіфаравіч. — Паспрабаваць уцячы, канешне, можна было, але боязна: не за сябе — за блізкіх. Эсэсаўцы адразу папярэдзілі, што сям’ю бегляка чакае расстрэл.
Доўгая дарога прывяла Хоміча ў Кёнігсберг.
— Я быў юнак кволы, таму на біржы працы на мяне ніхто не звяртаў увагі. Калі выбар рабочых заставаўся зусім малы, падышоў нямецкі фермер, які па-польску пацікавіўся: «Да мяне паедзеш?» Акрамя як згадзіцца, у мяне не было выбару.
Летам Міхаіл Хоміч працаваў на баўэрскім агародным участку на ўскрайку Кёнігсберга, а зімой яго адпраўлялі на завод, дзе рабілі палявыя кухні. Успамінаючы той перыяд, Міхаіл Нікіфаравіч не можа не згадаць пра фізічную стомленасць, голад. Хаця зазначае, што трапіў не ў самыя горшыя ўмовы: гаспадар яго нават у водпуск дамоў адпускаў. Акрамя таго, ён пасябраваў з фермерскай дачкой Гільдай, і баўэр стаў нават задумвацца, ці не аддаць дзяўчыну замуж за працавітага хлопца.
Але набліжаўся фронт. Немцы паспешна збіраліся і выязджалі ў накірунку Пілау. Гаспадары загадалі і Мішэлю, як называлі яго на свой лад, збірацца ў шлях. Юнаку даверылі фурманку з рэчамі.
Шлях ляжаў да вострава Нерынг. Не раз сутыкаючыся з небяспекай і дагэтуль, Міхаіл Хоміч канчаткова пераканаўся, што нарадзіўся ў кашулі.
— Яшчэ калі толькі наступалі нашы, непадалёку ад мяне ў гаспадарскі басейн з вадой трапіла бомба. А калі ехалі да Пілау, трапілі пад абстрэл самалётаў — смерць была зусім побач. Затым, калі перапраўляліся на востраў, лавіў «бульбу» з неба — дзякуй Богу, ізноў пашанцавала.
Дабраліся да Памяраніі. Тут Міхаіла Хоміча ад вызвалення аддзяляла ўсяго адна ноч.
— Увогуле, я збіраўся дамоў: падабраў каня, на павозку нагрузіў дабра, якое немцы пакідалі на вызваленай тэрыторыі, — усміхаецца субяседнік. — Даехаў да перакрыжавання, дзе былі ўказальнікі: «Палякам — прама», «Рускім — налева»… Быццам бы большую частку жыцця і жыў пры Польшчы, але адчуваў сябе ўжо савецкім чалавекам. Вось і паехаў налева, дзе мяне чакала мабілізацыя.
— Летам перыядычна мяне адпраўлялі дапамагаць іншаму баўэру. Маім абавязкам была падача снапоў на малацілцы. За тое, што не паспяваў, немец біў мяне бізуном.
Узяўшы ў рукі аўтамат, Міхаіл, кіруемы пачуццём помсты, марыў расправіцца з ненавісным фермерам. Але зразумеў, што забіць чалавека не зможа…
Хоміч трапіў на Трэці Беларускі фронт, у 29 стралковую гвардзейскую часць. Са сваімі баявымі таварышамі салдат дайшоў да Одэра, а адтуль — амаль да Берліна.
— У ноч на дзявятае мая нас паднялі па трывозе і сказалі, што вайна закончылася. Мы салютавалі цэлую ноч.
За гады работы на баўэра М.Н.Хоміч добра вывучыў нямецкую мову, таму пасля Вялікай Перамогі яго пакінулі ў Германіі ў якасці перакладчыка. Чатыры гады ён адслужыў у Вітэнбергу ў ваеннай камендатуры.
Вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі на радзіму, Міхаіл Нікіфаравіч пайшоў вучыцца: у Пружанах закончыў вячэрнюю школу, затым — педагагічнае вучылішча. За гады настаўніцтва паездзіць па школах раёна давялося шмат: выкладаў нямецкую мову і фізкультуру ў Бакунах, вучыў дзяцей у Хвалаве, Вялікім Сяле, Галенах, шмат гадоў аддаў Сухопальскай школе, дзе быў завучам. Усяго мае без малога 50 гадоў стажу. Дарэчы, дзякуючы педагагічнай дзейнасці сустрэў і сваю другую палову.
— Я ж і ў лінгвістычным інстытуце вучыўся на завочным аддзяленні, але грошай і карміць сям’ю, і будаваць дом, і плаціць за вучобу не хапала. На жаль, прыйшлося выбіраць, — уздыхае субяседнік. — Тым не менш пазней усё-такі атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДУ.
Варта адзначыць, Міхаіл Нікіфаравіч стаў прадаўжальнікам сапраўднай дынастыі педагогаў (настаўніцамі былі яго цёткі), а па яго слядах пайшлі ўсе пяцёра дзяцей, большасць з дзесяці ўнукаў. З вышыні пражытых гадоў сёння ён разважае, што нельга трымаць зло на людзей. Гэтаму вучыць сваіх блізкіх асабістым прыкладам. Нягледзячы на перажытыя нягоды ў час вайны, Міхаіл Нікіфаравіч падтрымліваў перапіску, якую распачала весці дачка таго самага баўэра, у якога ён працаваў. У 1995 годзе нават гасціў у сям’і Гільды ў Франкфурце-на-Майне.
Гледзячы на гэтага сівавалосага мужчыну, і не скажаш, што яму нядаўна споўнілася 90 гадоў. Ён па-ранейшаму актыўны, некалькі гадоў таму перабраўся жыць у сталіцу, дзе спявае ў хоры ветэранаў педагагічнай працы, ездзіць на экскурсіі, ходзіць на танцавальныя вечары… Гаворыць, што любоў блізкіх людей і актыўны лад жыцця дапамагаюць заўсёды быць у тонусе.
Уладзімір Мацяш, Марына Вакульская.
Фота з сямейнага архіву Хомічаў і Марыны Вакульскай.