Среда, 19 февраля 2025

Весенние палы сухой травы не только опасны для человека, но и вредны для природы

1 291

Вясной, калі сыходзіць снег, людзі нярэдка  вырашаюць пазбавіцца ад сухой травы, падпальваючы яе. Спецыялісты перакананы: той, хто мяркуе, што спальванне сухой травы неабходна і нават карысна, моцна памыляецца. Наадварот, кожны пал — злачынства супраць далікатнага свету прыроды.

Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.М.Дрозд сярод асноўных прычын, па якіх нельга паліць траву, называе такія.pal

* Травяныя пажары прыводзяць да прыкметнага памяншэння ўрадлівасці глебы: спальванне арганічных рэчываўгалоўны фактар яе зніжэння. Мінеральныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў попеле, даволі хутка сыходзяць з паверхневымі і грунтовымі водамі і толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі.

* У выніку выпальвання сухой травы абядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Усюды, дзе прайшлі палы, не будзе ўжо ранейшага рознатраўя, пустазелле захопіць вызваленую тэрыторыю.

* Гінуць многія насякомыя, іх лічынкі. У агні гараць усе жывыя істоты, якія знішчаюць розных шкоднікаў саду і агароду, а таксама ўдзельнічаюць ў працэсе ўтварэння глебы. Напрыклад, для дажджавых чарвякоў лішняй сухой травы не бывае, яны хутка яе перапрацоўваюць, пераўтвараючы ў каштоўнае ўгнаенне, уносячы яго да карэння раслін, і адначасова робяць глебу рыхлай, жывой.

* Пры моцным травяным пажары гінуць практычна ўсе жывёлы, якія жывуць у сухой траве, — вожыкі, земнаводныя.

* Правядзенне палаў нярэдка прыводзіць да загарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў, калі яны ёсць паблізу. Штогод 10-12% лясных пажараў у краіне ўзнікае менавіта па гэтай прычыне. 

У адпаведнасці з арт.20 Закона РБ «Аб раслінным свеце» выпальванне сухой травы і дзікарослых раслін, іх рэшткаў забараняецца. Згодна з правіламі пажарнай бяспекі, у лясах у перыяд з моманту сыходу снегу да наступлення ўстойлівага дажджлівага надвор’я забараняецца разводзіць кастры ў хваёвых маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравалах і бураломах), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой; паліць траву і разводзіць кастры ў траве, пакідаць агонь без нагляду; пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тлення.

Развядзенне кастроў, у тым ліку з выкарыстаннем спецыяльных прыстасаванняў: мангалаў, барбекю, грыляў, газавых пліт, — дапускаецца на абсталяваных пляцоўках, абрамленых мінералізаванай паласой шырынёй не менш 0,25 м, а таксама ў месцах, дзе выключана пашкоджанне агнём дрэў.

За непадпарадкаванне гэтым патрабаванням прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы, пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мераў па ліквідацыі палаў вінаватыя караюцца штрафам у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь, а за развядзенне кастроў у забароненых месцах — папярэджаннем альбо штрафам у памеры да 12 базавых велічынь. Акрамя таго, за падобныя парушэнні прадугледжана і крымінальная адказнасць.

Як удакладніла Вольга Міхайлаўна, сёлета адміністрацыйнае пакаранне — штраф у памеры адной базавай велічыні — панёс пакуль толькі адзін чалавек: за развядзенне вогнішча ў забароненым месцы.

У той жа час супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сёлета ўжо 15 разоў выязджалі на выпадкі выпальвання сухой расліннасці — агульная плошча пажараў склала без малога 15 гектараў. Толькі ў двух выпадках былі ўстаноўлены вінаватыя асобы, якія заплацілі па 1,3 млн. рублёў штрафу. Акрамя таго, як заўважыла старшы інспектар РАНС Вольга Прасняк, супрацоўнікамі аддзела выяўлена 10 выпадкаў спальвання смецця на прысядзібных участках, падчас чаго парушаліся правілы пажарнай бяспекі: чатыром чалавекам выпісаны прадпісанні, астатнія паплаціліся рублём на агульную суму 1 мільён 560 тысяч рублёў.

Тым часам пра пачатак вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду нагадваюць і ў лясной гаспадарцы: інжынер па ахове лесу Пружанскага лясгаса В.В.Стасевіч звяртае ўвагу, што працягнецца ён да восені, а за парушэнне — распальванне вогнішчаў у недазволеных месцах ці з парушэннем правілаў бяспекі — чакае пакаранне.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *