Понедельник, 2 декабря 2024

Вера Терехова о популярных пружанских фамилиях. Часть 3.

1 536

Пра што вам, шаноўныя чытачы, нагадваюць прозвішчы Чайкоў, Чайкоўскі, Чайка,  Чайчыц, Чаевіч? Безумоўна,  яны адразу асацыіруюцца з назвай птушкі. У Беларусі налічваецца каля дваццаці відаў чаек. Яны здавён лічыліся сімвалам  гордай прыгажосці, волі, далёкіх  падарожжаў і паходаў.

Але  ёсць і іншае значэнне гэтага слова. Чайкі – казацкія  рачныя караблі, якія змяшчалі звыш 50 чалавек. Казакі на чайках выходзілі нават у Чорнае мора, даходзілі да турэцкіх берагоў, нападалі на гарады туркаў з іх мытнямі і рабаўладальніцкімі рынкамі, ратуючы рабоў-хрысціян. Магчыма, нехта з далёкіх продкаў людзей са згаданымі вышэй прозвішчамі сапраўды  хадзіў у далёкія паходы на чайках.

Магчыма, што гэтыя прозвішчы неяк звязаны з коранем “чай”. Слова “чай” у цюрскім значэнні – рака. Па-кітайску малады лісцік называецца “пцайе”, ад якога паходзіць назва “чай” – “напой з лісця”, які дае сілу і бадзёрасць. Вядома, што радзіма чаю – Кітай, дзе ім карысталіся з 17 стагоддзя да нашай эры. У Еўропе гэты напой з’явіўся ў 16 стагоддзі, у 1637 годзе Алтын-хан перадаў чай  рускаму цару ў якасці падарунка. Спачатку чай пілі пры царскім двары як лякарства. Але з цягам часу ва ўжытак увайшло чаяванне – баўленне часу за гарачым напоем, прыгатаваным з высушаных лістоў, якія пачалі прывозіць купцы. Такіх купцоў трапна называлі Чайкоўскімі.

Не ад машкары ўзнікла  прозвішча Машкала. Мяркуецца, што яно мае дачыненне да французскага слова “машыкула” – укрыццё, навес на кансолях зверху крапасных сцен ці вежаў з адтулінамі-байніцамі, якія прызначаліся для вядзення агню са стралковай зброі, кідання камянёў, ліцця вараў, смалы. Гэты элемент быў пашыраны на Беларусі ў замках і культавых комплексах у 15-17 стагоддзях.

Прозвішчы Сакалоў,  Сакольскі, Сакалоўскі, Сакалюк, Саколачка, безумоўна, паходзяць ад слова “сокал”. Вядомы два яго значэнні: сокал – старадаўняя сценабітная прылада ў выглядзе важкага жалезнага лома, якая ўжывалася ў старажытныя часы пры штурме крэпасці.

Магчыма, што гэтыя прозвішчы пайшлі ад старажытнага імя Сокал, якое пахо-дзіла ад назвы птушкі, стаўшай сімвалам зоркасці, смеласці, рашучасці. Людзі з такімі прозвішчамі таксама маглі быць лоўчымі, сакалінымі паляўнічымі, даглядалі гэтых птушак і арганізоўвалі паляванні.

Ёсць некалькі версій і  адносна прозвішча Полазаў. Полазы – буйныя хуткія змеі. Нападаючы на ахвяру, яны наносяць галавой шматлікія ўдары і вырываюць з ахвяры кавалкі плоці. Полазам называлі чалавека, які займаўся разбоем, грабежніцтвам на дарогах.

І ўсё ж, мне падаецца, больш верагоднай з’яўляецца такая версія. У старажытнасці, каб ахоўваць землі ад набегаў крымскіх татараў, прызначаліся ахоўнікі, якія знаходзіліся ў нутры драўляных вежаў на колах. Зімой гэтыя вежы перамяшчаліся на палазах, людзей, якія гэта рабілі, называлі палознікамі. Магчыма, што старажытны продак Полазава быў адным з удзельнікаў абароны ад набегаў.

Па-рознаму могуць  быць вытлумачаны даволі папулярныя на Беларусі прозвішчы Баран, Баранаў, Бараноўскі, Бараш. Баран – назва свойскай жывёлы. Бараном здзекліва называлі чалавека, які глядзеў разгублена, нічога не разумеючы, “як баран на новыя вароты”. Цікава, што  Бараны, Барашы сустракаюцца ўжо ў дакументах 13 стагоддзя.

Згодна з яшчэ адной версіяй, прозвішча Бараш звязана з цюрска-персідскім словам “бараш”, якое азначае “слуга, прыбіральшчык”. На Русі так называлі чалавека, у абавязкі якога ўваходзіла ўзвядзенне  падчас паходаў шатроў для багатай світы.

Цікава таксама ведаць, што бараном называлі вялікую рыбацкую лодку на Палессі. Баран таксама – сталярны інструмент, двуручны рубанак для габлявання дошак.

У 18 стагоддзі на Беларусі ўвайшлі ў моду шапкі з высокімі “баранамі” з пляскатым верхам. Называлі іх кучкамі. Адсюль, відаць, і прозвішча чалавека, які шыў такія шапкі, — Кучко.

Лічыцца, што прозвішчы Пацукоў, Пацоўскі, Пацейка, Пацэвіч паходзяць ад слова “пацук” – млекакормячага звярка сямейства мышападобных. Хутчэй за ўсё, так яно і ёсць.

У сувязі з гэтымі прозвішчамі ўзгадваецца адзін цікавы гістарычны факт. У “Літоўскай метрыцы” пад 1537 годам паведамляецца, што да сваіх валоданняў у Ружанах і Мількаўшчыне падкаморны Вялікага Княства Літоўскага  Мікалай Юр’евіч Пац далучыў маёнткі Боны – Скідзель, Зэльву, Масты, Дубна. Не выключана, што ўладальнікі гэтых прозвішчаў маглі быць людзьмі, якія знаходзіліся на службе ў Паца.

 

На першы погляд здаецца, што ўсё зразумела з паходжаннем прозвішчаў Мядзведзь,              Мядзведзеў. Аднак не спяшайцеся з вывадамі! Слова “мядзведзь” утварылася ад слоў “мёд” і “ед” і літаральна азначае “мёд есці”. Прозвішча ж з’яўляецца сімвалам дабрабыту,  здароўя і сілы.медведь

Да гэтай жа катэгорыі адносіцца прозвішча Нядзвецкі, утворанае ад польскага слова “niedzwiedz”, якое перакладаецца як “мядзведзь”. Мядзведзя называюць касалапым, таму што ён ставіць пальцы лап унутр, а пяткі – вонкі. Ён здаецца непаваротлівым, марудным, але гэта зусім не так. Ён хутка бегае, добра плавае. Сваю тэрыторыю памячае, абдзіраючы кіпцюрамі кару дрэў. З наступленнем халадоў мядзведзь кладзецца ў спячку, аднак спіць чуйна і, калі яго выпадкова патрывожыць, становіцца злым і небяспечным.

Мядзведзь вельмі кемлівы, добра паддаецца дрэсіроўцы. Быў выпадак, калі старога мядзведзя “спісалі” з цырка і  адпусцілі ў лес, ён прытупаў у вёску і, убачыўшы каля плоту веласіпед, сеў на яго і паехаў па вёсцы. Вось пярэпалаху было!…

Вера ЦЕРАХАВА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *