Пятница, 23 мая 2025

Вера Терехова о популярных пружанских фамилиях

2 354

Вялікая колькасць прозвішчаў паходзіць ад лацінскага імя Павел, што ў перакладзе азначае “маленькі”. Сярод іх – Паўлаў, Паўловіч, Паўлініч, Паўлюковіч, Паўлоўскі, Паўлючык, Паўлюсік, Паўленка…  Сюды ж можна аднесці  Пашкевіч, Пашко – ад размоўнай формы Паша, Паўлуха.

Існуе легенда пра тое, што некалі рымскі военачальнік  яўрэй Саўл, прыняўшы хрысціянства, узяў новае пакорнае лацінскае імя Паўлус (“маленькі”). Пазней ён стаў знакамітым апосталам Паўлам. Адсюль, напэўна, і пайшла прымаўка “Памяняць Саўла на Паўла”.

У Паўлаў абвостранае пачуццё справядлівасці, дзеля  яе аднаўлення яны гатовы канфліктаваць. Яны ўмеюць  суперажываць, спачуваць. Гэта – гарманічныя асобы, з якімі прыемна  мець стасункі.

У аснову прозвішчаў Папоў, Папко, Папкоў, Попель, Папічыц, Папялыга пакладзена  грэчаскае імя Папій – “бацюшка”. Поп – старажытнае славянскае імя, якое з цягам часу  ператварылася ў абазначэнне царкоўнай пасады.

Праўда, існуе і іншая версія, паводле якой вышэй згаданыя прозвішчы маглі ўзнікнуць ад звычая “пасыпаць попелам галаву”. Гэты выраз прыйшоў з Бібліі, дзе расказваецца аб звычаі яўрэяў пасыпаць галаву попелам ці зямлёю, аплакваючы няшчасце сваё ці блізкіх.

Цікавая гісторыя звязана з прозвішчамі Севасцьяновіч, Севасцьянаў, Севасцьянчук, Севасцянчык. Яны ўтварыліся ад імя грэчаскага паходжання Севасцьян,  якое ў сваю чаргу ўзнікла ад слова “себастас”, што азначае “высокашаноўны”,  “свяшчэнны”.

31 снежня адзначаецца дзень памяці мучаніка  Севасцьяна і яго дружыны. Севасцьян быў начальнікам  палацавай аховы імператара Дыяклеціяна. Тайна дапамагаў вязням-хрысціянам, утойваў сваю веру. Епарх  горада Рыма, дазнаўшыся аб гэтых “грахах” Севасцьяна, звярнуўся да яго па дапамогу і вылечыўся ад хваробы, калі знішчыў у сваім доме ідалаў.  Пасля гэтага ўвесь яго дом з 1400 чалавек перайшоў у новую веру, а сам епарх, прыняўшы хрышчэнне, пайшоў у адстаўку. Імператар жорстка расправіўся з Севасцьянам: яго прывязалі голым да дрэва ў якасці мішэні для стральбы з лука. Аднак ён не загінуў ад мноства стрэл, праз некалькі дзён з’явіўся на палацавую плошчу і звярнуўся да імператара з заклікам адумацца, зразумець, што хрысціяне жадаюць яму дабра. Па загадзе Дыяклеціяна  мучаніка на іпадроме насмерць забілі палкамі. На яго магіле многія атрымалі збаўленне ад хвароб.

сусликЯк ні дзіўна, але прозвішчы Суслаў, Суслін таксама пайшлі ад старажытнаславянскага імя Сусла. Як вядома, сусла – солад, які прызначаны для  браджэння, пераброджаны адвар крухмальных і цукровых рэчываў, з якіх атрымлівалі спірт, піва. Людзі, якія гэтым займаліся, відаць, і атрымалі такое прозвішча.

Да слова, у 1503 годзе манахі маскоўскага крамля шляхам перагонкі сусла вырабілі хлебны спірт, разбавілі яго вадой (на адну частку спірту дзве часткі вады). Атрыманы прадукт назвалі “водаўкай”, ён служыў лякарствам. У 1533 годзе была ўведзена манаполія на продаж “водаўкі” ў шынках.

Прозвішчы Філіпаў, Філіпюк, а таксама Піліпенка, Піліпчук, Піліпюк і ім падобныя паходзяць ад грэчаскага імя Філіп – “чалавек, які любіць коней”, у беларусаў – Піліп. Гэтыя прозвішчы нагадалі пра легенду, звязаную з гістарычнай асобай  — Філіпам ІІ Македонскім (382 – 336 гг. да н.э.). Адна жанчына вельмі надакучыла Філіпу просьбамі рассудзіць яе спрэчку з іншым чалавекам. Цар усялякі раз адмахваўся, спасылаючыся на тое, што яму няма калі. У рэшце рэшт жанчына не вытрымала і ў гневе ўсклікнула: “Ну дык адмоўся ад царства!” Філіпу не было чаго сказаць у адказ. Ён разгледзеў просьбу і тут жа зрабіў вывад, што любую справу трэба вырашаць неадкладна. Дарэчы, ці не адсюль пайшло набыўшае  вядомасць слова “філіпіка” – гнеўная прамова супраць каго-небудзь ці чаго-небудзь?

Грэчаскае імя Ціхан, што азначае “ўдачлівы”, а таксама формы ад яго Ціша, Цішка, Цішук пакладзены ў аснову прозвішчаў Цішко, Цішкін, Тышкавец, Тышкевіч, Ціханаў, Ціханчук, Ціханенка, Ціхановіч, Ціханюк.

Свяціцель Ціхан – гістарычная асоба, нарадзіўся на Кіпры ў хрысціянскай сям’і. Валодаў дарам цудадзейнасці. Бацька Ціхана, які меў хлебапякарню, нярэдка накіроўваў сына гандляваць хлебам, аднак юнак раздаваў яго дарэмна беднякам. Вядома, бацька ўзлаваўся на яго за гэта, але сын супакоіў: маўляў, у святых кнігах напісана, што таму, хто дае, вяртаецца   непамерна больш. Якое ж было здзіўленне бацькі, калі ён убачыў, што яго засекі перапоўнены збожжам. Пасля гэтага Ціхан стаў служыць у царкве, праз некаторы час яго пасвяцілі ў сан дыякана, а затым выбралі на кафедру. Свяціцель Ціхан ніколі не адмаўляў таму, хто прыходзіў да яго з просьбай, шчыра прапаведаваў хрысціянскую веру.

Вера Церахава.

(Працяг будзе).

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *