У беларусаў нямала прозвішчаў, якія не выклікаюць пэўных цяжкасцей пры тлумачэнні іх паходжання. Напрыклад, Свістун. Напрошваецца відавочны адказ: чалавек неяк звязаны са свістам. І сапраўды, свістунамі называлі тых, хто іграў на свістульках, зробленых з бяросты, дрэва, гліны, пер’я. Таму сёння мне хацелася б расказаць пра прозвішчы, якія звязаны з музычнай культурай нашых продкаў.
У аснову прозвішча Гудаў пакладзена слова “гуд” – гудзенне. Гудошнік – музыкант, які іграў на гудку, трохструнным смычковым музычным інструменце.
Нямногія, відаць, чулі пра зэлі – музычныя медзяныя кружкі. Чалавек, які меў дачыненне да зэляў, мог атрымаць спачатку мянушку, а потым прозвішча Зялевіч.
Думаецца, што прозвішчы Рагач, Рагуль, Рагоўскі, Ражко, Ражкоў, Ражкевіч таксама “музычныя”. Рог – старажытны сігнальны музычны інструмент, які вырабляўся з пустацелых рагоў і біўняў жывёл ці з дрэва, металу. Выкарыстоўваўся як у пастуховай, вартаўнічай, так і ваеннай практыцы, з’яўляецца папярэднікам разнастайных духавых інструментаў.
Як від жалейкі, дудкі існавала некалі “сіповачка”. Не выключана, што прозвішча Сіплівы мае дачыненне да чалавека, які іграў на жалейках (свирелях).
А вось у аснову прозвішча Цэван адназначна пакладзена ўкраінскае слова “цэўніца” – духавы музычны інструмент, “сапелка”. Цэван – музыкант.
Цікавым уяўляецца паходжанне прозвішчаў Цюхай, Цюхця і вытворныя ад іх. “Цюхайя” – цыганская песня, якая выконваецца з танцам пад скрыпку.
«Ныне не сыщешь
цыгана такого,
Чтобы сыграл мою песню
толково,
Больно трудна
эта песня моя,—
Тюхайя!»
З даўніх часоў традыцыйнай формай рэгіянальнага гандлю былі кірмашы, якія праводзіліся ў гарадах і мястэчках. Звычайна кірмашы адбываліся на праваслаўныя святы, адзін або некалькі разоў на год. Гэта быў не толькі гандаль, але і народныя гулянні, і батлейка, паказы, у якіх удзельнічалі дудары і сляпцы (лірнікі) – выканаўцы песень. Ад дудароў, якія былі майстрамі і выканаўцамі, пайшлі такія прозвішчы, як Дудко, Дудзінскі, Дудчанка, ад лірнікаў-сляпцоў – Сляпцовы.
Многія з нашых чытачоў наўрад ці чулі пра такія музычныя інструменты, як тамбурына ці сапеля. Тамбурына – бубен у выглядзе вобада, абцягнутага скурай, са званочкамі ці з металічнымі пласцінкамі па краях. Чалавек, які іграў на такой тамбурыне, атрымаў прозвішча Тамборык.
У старажытнасці была вельмі распаўсюджана дудка-сапеля. Сапельнікам называлі таго, хто ў яе дудзеў. Адсюль, відаць, пайшло прозвішча Саўпель. Як, дарэчы, і Трубач, Трубінаў – ад слова “трубіць” – дзьмуць у трубу, прымушаць яе гучаць.
Прыгожая версія адносна паходжання прозвішчаў Табала, Таболіч, Табінскі. Табалас (літоўскае) – своеасаблівы сігнальны інструмент. Гэта проста некалькі падвешаных на вяроўках дошак рознай даўжыні, шырыні і таўшчыні. Б’ючы малатком па гэтых дошках, можна было перадаваць пэўныя сігналы. Некалі існавала мноства такіх умоўных сігнальных мелодый, якія ведала ўсё наваколле. Да нашых дзён дайшлі толькі дзве: “жанчыны ў лазню” і “мужчыны ў лазню”.
Блізкія па паходжанні прозвішчы Званароў і Більцэвіч – людзі, якія мелі дачыненне да званарства: біла – унутраная ўдарная частка звана, язык, падвешаны кавалак жалезнай рэйкі, удараючы па якой, падаюць сігнал.
Прозвішчы Балабушка і Балабуха, хоць і блізкія па гучанні, але маюць розны сэнс. Праўда, абодва звязаны з музыкай. “Балабулька” – балалайка, такое прозвішча мог займець чалавек, які або рабіў гэты музычны інструмент, або віртуозна ім карыстаўся.
Балабас – беларускі народны танец, зафіксаваны ў канцы 19 стагоддзя ў Ваўкавыскім павеце. Выконваўся пад жартоўныя прыпеўкі. Той, хто асабліва вызначаўся ва ўмельстве танцаваць балабас, і атрымаў відаць мянушку “балабуха”, якая з цягам часу ператварылася ў прозвішча.
А вось з Цымбалістамі і Цымбалавымі ўсё зразумела – іх прозвішчы паходзяць ад цымбалаў, якія ў старажытныя часы называлі “ляжачай арфай”. У еўрапейскай культуры гэты музычны інструмент з’явіўся ў часы крыжацкіх паходаў у 11 – 13 стагоддзях. Мода на яго не абышла і Беларусь, дзе цымбалы праніклі не толькі ў свецкую і рэлігійную сферы, але і ў сялянскі быт.
Вера Церахава. (Працяг будзе).