Суббота, 5 октября 2024

Бывший директор одного из предприятий Пружан на пенсии занялся вышивкой

2 859

Няпраўда, калі сцвярджаюць, што вышыўка – справа выключна жаночая. Варта было сустрэцца з жыхаром Пружан Юрыем Валер’евічам Кухціным, каб пераканацца ў гэтым.

— Гэтым захапленнем, — расказвае Юрый Валер’евіч, — «заразіўся» ад жонкі Любові Анатольеўны – заўзятай вышывальшчыцы, якая стварае сапраўдныя шэдэўры гадоў пятнаццаць. Зацікавіўся, захацеў  навучыцца і… захапіўся вышываннем сам. Цяпер на абодвух каля пяцідзесяці работ, якія вышылі разам з жонкай пераважна доўгімі зімовымі вечарамі.

Утульны дом Кухціных упрыгожваюць не толькі карціны, але і вышываныя падушкі з разнастайнымі кветкамі, птушкамі і пейзажамі. Муж і жонка сцвярджаюць, што такі занятак супакойвае нервовую сістэму і дазваляе прыемна бавіць вольны час.

— А яшчэ так хочацца прыгажосці! – зазначаюць яны. Таму вельмі захапляюцца разнастайнасцю колераў.

Адметна, што рамкі для сваіх карцін Юрый Валер’евіч робіць сам. І яму аднолькава добра ўдаецца спраўляцца і з цяслярнымі работамі.

Дарэчы, з надыходам цёплага надвор’я на двары Кухціных звыкла зацокае сякера і запяе піла. Гаспадару гэтак жа лёгка і паліцу змайстраваць, і цяпліцу збудаваць. Разнастайныя лесвіцы і падстаўкі пад кветкі — таксама справа ўмелых рук Юрыя Валер’евіча. Ну, а што  з гэтага атрымліваецца, асабліва, калі зазелянее і зацвіце ўсё вакол дома Кухціных, добра вядома ўсім прахожым, – прыгажосць!

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *