Воскресенье, 19 января 2025

Бывай, зіма!

2 060

У апошнюю зімовую нядзелю прайшлі традыцыйныя масленічныя гулянні.

Зіма ў гэты дзень, праўда, не хацела адступаць і перадаваць свае правы Вясне. Напэўна, таму, спалохаўшыся калючага, халоднага ветру, многія вырашылі застацца ў цёплых дамах. Але той, хто ўсё-такі далучыўся да народнага гуляння, меў магчымасць сагрэцца. Гарачы чай, духмяныя шашлыкі, іншыя смачныя пачастункі прапаноўваў выязны гандаль. А якая масленіца без бліноў? Іх смажылі повары тут жа перад пакупнікамі.

Да месца аказаліся і бяспройгрышная латарэя для азартных, і ўсялякія конкурсы, самым папулярным з іх па традыцыі застаўся «штурм» слупа з шампанскім і цукеркамі. Тых, хто жадаў пайсці дахаты з падарункам, хапала, але высокі слуп паддаўся далёка не кожнаму. Тым не менш праз гадзіну пасля таго, як пачаўся гэты конкурс, цікаўныя ўжо разы-шліся — быў зняты апошні падарунак.

Спартыўныя забавы наладзіла ДЮСШ №1. Маладыя і дужыя спаборнічалі ў перацягванні каната, мераліся сіламі ў армрэстлінгу, для астатніх прапаноўваўся дартс — конкурс на трапнасць.

Са сцэны забаўлялі народ, акрамя традыцыйных масленічных персанажаў, артысты са Сланімцоў, фальклорны калектыў з Аранчыц «Бабіна лета», ансамбль танца «Спадчына», вакальны гурт «Шчырым сэрцам»…

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *