Пятница, 18 апреля 2025

Будет ли в Шерешево работать педиатр? И другие вопросы дежурному корреспонденту

1 889

Жыхара вёскі Харава Анатоля Васільевіча Жука цікавіць далейшы лёс былога Хараўскога дома ветэранаў.

— Добры будынак,— абураўся ён,— рушыцца на вачах…

Дырэктар ААТ «Айчына» У.М.Бандарэнка патлумачыў, што праектны інстытут ужо рыхтуе дакументацыю наконт аднаўлення гэтага будынка. У ім размесцяцца аб’екты прыдарожнага сервісу: кафэ і гасцініца. А побач, на месцы былога кар’ера, будзе пабудавана ахоўваемая пляцоўка для аўтамабіляў.

Валянціне Паўлаўне Гаўрылавай з Пружан не даюць спакою векавыя ліпы, якія растуць ля аўтобуснага прыпынку побач з райпалівазбытам. Яны ўжо амаль сухія і ў ветранае надвор’е ствараюць небяспеку.

Галоўны інжынер КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук паабяцаў выехаць на месца і разабрацца з сітуацыяй. Калі ліпы сапраўды пагражаюць небяспекай, то яны, безумоўна, будуць спілаваны. Але толькі ў зімовы час і пасля прыняцця адпаведнага рашэння райвыканкама.

У трэцім пад’ездзе дома №162 па вуліцы Леніна ў Пружанах, дзе жыве Л.С.Белагурава, вельмі дрэнныя дзверы. Яшчэ год назад абяцалі іх замяніць. Хутка зноў зіма з халадамі ды ветрамі, а кватэра Людмілы Сцяпанаўны знаходзіцца на першым паверсе…

— Замена дзвярэй,— патлумачыла дырэктар філіяла «Жилищник» Г.А.Баран,— робіцца толькі пры капітальным рамонце дома. Безумоўна, у бліжэйшы ж час наш майстар праверыць іх стан, і дзверы будуць адрамантаваны. Магчыма, жыхарам гэтага па-д’езда варта сабраць сродкі і паклапаціцца наконт устаноўкі ў сваім пад’ездзе жалезных дзвярэй з кодавым замком, як гэта практыкуецца ў многіх гарадскіх шматпавярхоўках.

Вольга Калінейка, г.п.Шарашова:

—Калі ўжо ў нашай бальніцы будзе працаваць пастаянны дзіцячы ўрач? Тут столькі пустуючых памяшканняў, а везці дзетак на прыём даво-дзіцца ў Пружаны.

Па адказ мы звярнуліся да галоўнага ўрача раёна І.М.Пачынчыка. Ён зазначыў, што пакуль парадаваць жыхароў пасёлка няма чым:

— Малады спецыяліст — дзіцячы ўрач, якая апошнім часам працавала ў г.п.Шарашова, у кастрычніку пайшла ў дэкрэтны водпуск. У канцы года павінна выйсці з водпуска па догляду дзіцяці ранейшы ўрач. Але яна працаваць у г.п.Шарашова адмаўляецца. Перыядычна, раз у два тыдні, калі патрэбна рабіць прышчэпкі, выязджае ў пасёлак дзіцячы ўрач. А лячыцца, сапраўды, прыходзіцца ў Пружанах.

— Усяго праз дарогу ад майго дома,— расказваў П.В.Цюзеў з Жадзен,— пракладзены газаправод на Клепачы. Тым не менш, і наша вёска, і суседнія Парасляны, Якавічы, Арабнікі застаюцца негазіфікаванымі. Ці будзе сюды цэнтралізавана падведзены прыродны газ? Калі не, дык ці можна падключацца ў індывідуальным парадку і колькі гэта будзе каштаваць?

Дырэктар раённага вытворчага ўпраўлення  «Пружанырайгаз» А.С. Крац паведаміў, што цэнтралізавана газ цяпер не падключаецца. Згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта, на гэта павінна выдаткоўвацца 70% бюджэтных сродкаў і 30% — сродкаў насельніцтва. У плане газіфікацыі раёна на будучы год пералічаныя вёскі не ўключаны. А колькі будзе каштаваць газіфікацыя, сказаць цяжка. На Клепачы ідзе газаправод высокага ціску. Вёскам патрэбен сярэдні ці нізкі. Значыць, трэба будзе будаваць паніжаючую станцыю. А гэта — дадатковыя грошы…

— Днямі я мусіла пакінуць хворую маці, каб з’ездзіць у банк,— абуралася жыхарка  вёскі Дабучын Людміла Аляксандраўна Чайка.— Перад абедам у аддзяленні банка «пад купалам» працавала толькі адно акенца, у цэнтральным — толькі два. І ўсюды стаялі велізарныя чэргі. Няўжо нельга, каб хаця б у час абедзеннага перапынку тут працавалі ўсе касы?

Дырэктар ЦБУ №122 «Беларусбанка» Э.М.Канановіч не згодны з такой пастаноўкай пытання.

—Ёсць канкрэтны рэжым работы,— зазначыў ён.— І ўсе касы па ім працуюць. Іншая справа, што некаторыя банкаўскія аперацыі займаюць па 30-50 мінут. Пакуль касір абслугоўвае аднаго кліента, іншым, вядома, прыходзіцца чакаць. Чэргі ўтвараюцца ў так званыя плацёжныя дні з 10 да 25 чысла кожнага месяца, калі жыльцы разлічваюцца за камунальнае абслугоўванне. Нядаўна некалькі дзён стаялі чэргі з-за штучнага ажыятажу наконт падаражання долара. Людзі займалі чэргі з шасці гадзін ранку. За гэтыя пару-тройку дзён было прададзена ледзь не столькі ж долараў, колькі за ўсе дзесяць месяцаў года.

В.А.Дзегцяроў (в.Слабудка) абураўся тым, што прыгожыя ліхтары, устаноўленыя на слупах, не асвятляюць вуліцу. Маўляў, цяпер цямнее рана і вуліца патанае ў цемры.

Старшыня Пружанскага сельвыканкама У.А.Яцкевіч запэўніў, што на гэтым тыдні ліхтары будуць запалены. Заяўка ў электрасеткі наконт асвятлення вуліцы адпраўлена.

Дзяжурыла па рэдакцыі Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *