Удзел у 41-м з’ездзе БРСМ, які прайшоў 8-9 снежня ў Мінску, прынялі чацвёра дэлегатаў з Пружанскага раёна. Сёння яны дзеляцца сваімі ўражаннямі.
Таццяна Дзядзюн, першы сакратар РК БРСМ:
— З’езд уразіў. Я яго назвала б нефарматным і нефармальным і па сутнасці, і па форме правядзення. Дэлегацыя ад Брэстчыны адрознівалася ад іншых сінімі гальштукамі з эмблемай вобласці. Усе накірункі работы БРСМ былі прадстаўлены ў выглядзе прэзентацый. Былі акрэслены не толькі дасягненні, але і праблемы маладзёжнай арганізацыі. Вельмі спадабаліся прадстаўленыя ідэі ініцыятыўных маладых людзей. Многія праекты атрымалі значную падтрымку. Так, напрыклад, фінал праекта “Уладар сяла” было прапанавана праводзіць на рэспубліканскіх “Дажынках”, а “Маладзёжную пляцоўку” — на сцэне “Славянскага базара”.
Аляксей Кудрашоў, сакратар пярвічнай арганізацыі РВУ “Пружанырайгаз”:
— Усё прайшло вельмі арганізавана. Мы яшчэ раз пераканаліся ў вялікіх магчымасцях нашага саюза. Вельмі дарэчы было правядзенне дабрачыннага марафона, сродкі ад якога пайшлі на лячэнне дзяцей хоспіса.
Усе вельмі чакалі выступлення на з’ездзе Прэзідэнта краіны, і нашы надзеі апраўдаліся. Аляксандр Рыгоравіч даў “дабро” на рэалізацыю некаторых праектаў і паабяцаў падтрымку ў гэтым дзяржавы.
Марына Дудко, сакратар пярвічнай арганізацыі аграрна-тэхнічнага каледжа:
— З аптымізмам усе прысутныя ўспрынялі прапанову выдзеліць для кожнай вобласці для працаўладкавання на лета маладых па 10 тысяч рабочых месцаў. Я гэта ўспрыняла з асаблівай радасцю, бо сваю падтрымку паабяцаў Прэзідэнт. Напрыклад, сёлета праблема працаўладкавання нашых навучэнцаў падчас летніх канікул стаяла вельмі востра. Хлопцы і дзяўчаты хацелі падзарабіць і не маглі. Вартай работы ім наогул не прапаноўвалі. Цяпер з нецярпеннем чакаю лета разам з навучэнцамі. Веру, што словы не разыдуцца са справай.
Дзяніс Кулеша, сакратар пярвічнай арганізацыі КУСП “Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі”:
— Мне было важна пачуць меркаванне Прэзідэнта наогул пра дзейнасць нашай маладзёжнай арганізацыі. І было вельмі прыемна, калі ён адгукнуўся станоўча. Гэта вельмі здорава, калі маладзёжная палітыка падтрымліваецца на такім высокім узроўні.
Цікавілася думкамі Галіна Каляда.
Фота з кулуараў з‘езда.
