Васьмігадовая Валерыя, дванаццацігадовая Паліна і чатырнаццацігадовы Аляксандр Бойдзічы — родныя сёстры і брат. Іх агульнае захапленне – таэквандо. І, мяркуючы па перамогах, яны дастаткова паспяховыя спартсмены.
Аднак гаворачы пра гэта, яны ўзгадваюць не здабытыя спартыўныя узнагароды, а… колькасць удзелаў у раённай цырымоніі ўзнагароджання таленавітых дзяцей “Дараванне”, куды іх і запрашаюць за дасягненні ў таэквандо. Як аказалася, на рахунку ў Паліны ўжо тры “Дараванні”, у Сашы – два, у Леры – адно, пакуль… Нягледзячы на ўзрост і свой невялічкі рост, самая малодшая з сям’і працягвае здзіўляць сваёй спартыўнай упартасцю і смеласцю нават дарослых.
—З мноства спарынгаў, у якіх дзяўчынцы даводзілася выступаць на самых розных спартыўных спаборніцтваў, — расказвае трэнер пружанскіх таэквандыстаў Віталь Мадзяліца, — ніводнага разу ў Леры не было саперніка ніжэйшага ці нават роўнага з ёю па росце. Яна заўсёды найменшая. Аднак гэта не з’яўляецца для яе перашкодай смела ісці ў атаку і перамагаць.
У гэты від спорту Саша, а затым і яго сястрычкі прыйшлі, бо так раіў і на тым настойваў хросны хлопца, які сам раней займаўся таэквандо. З часам захапленне малодшых Бойдзічаў стала агульным. Нягледзячы на тое, што сям’я пражывае ў вёсцы Шані, гэта не з’яўляецца перашкодай для бацькоў – таты Васіля Іванавіча і мамы Таццяны Сяргееўны — рэгулярна дастаўляць дзяцей на трэніроўкі ў райцэнтр. А гэта толькі дысцыплінуе юных таэквандыстаў. Як аказалася, яны паспяваюць не толькі займацца спортам, дапамагаць бацькам па гаспадарцы, ездзіць сям’ёй на рыбалку і ў грыбы, але ж, вядома, і вучыцца. Паліна паспявае найлепш: яе партрэт, як адной з лепшых вучаніц, занесены на дошку гонару школы.
Перамогі кожнага з гэтых пачынаючых спартсменаў ужо цяжка і пералічыць: яны не толькі абласнога і рэспубліканскага, але нават і міжнароднага ўзроўняў. На пытанне: “Чаму займаецеся таэквандо?” Саша, Паліна і Лера, не задумваючыся, адказваюць:
—Нам падабаецца выступаць, дэманстраваць свае навыкі і папулярызаваць барацьбу, але найбольш, вядома ж, перамагаць.
Старэйшыя Бойдзічы жартуюць, што другой мовай іх дзяцей можа стаць карэйская, бо адпрацоўка прыёмаў працягваецца і дома.
На здымку: Паліна, Лера і Саша Бойдзічы на цырымоніі ўзнагароджання “Дарование-2015” разам з бацькамі Васілём Іванавічам і Таццянай Сяргееўнай і трэнерам Віталем Мадзяліцай.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.