Вёску Бортнавічы наш фотакарэспандэнт Сяргей Талашкевіч называе сваёй малой радзімай: тут прайшло яго дзяцінства, яшчэ стаіць бацькоўская хата. Два дзесяцігоддзі таму на вясковых вуліцах ладзіліся вяселлі, гойсала на веласіпедах дзятва, не сціхаў чалавечы гоман. Але нядаўна давялося праязджаць праз вёску ўвечары, і не заўважыў ніводнага агеньчыка ў хатах…
Напэўна, настальгія падштурхнула Сяргея пагартаць сямейны альбом са здымкамі тых часоў. І ў складзе карэспандэнцкай групы яшчэ раз наведаць Бортнавічы, каб цяпер самому сфатаграфаваць для гісторыі сучасны стан вёскі.
Новае тысячагоддзе стала для Бортнавічаў пачаткам канца. Адразу на пад’ездзе да вёскі з боку Харавы кінулася ў вочы адсутнасць указальніка аб тым, што тут ёсць населены пункт. І першым сустракае прыезджых добры цагляны дом з прасторнымі пакоямі. Але, мяркуючы па пустым надворку, у ім ніхто даўно не жыве і наўрад ці калі будуць чутны галасы гаспадароў. А на выездзе, нібыта намёк, стаіць дарожны знак, дзе назва вёскі перакрэслена чырвонай лініяй.
Як пераважная большасць беларускіх вёсак, Бортнавічы таксама будаваліся ўздоўж адзінай дарогі, на крайняй хаце стаіць нумар 39. Вось толькі жылых дамоў намнога менш. Як расказвае жыхарка вёскі Аляксандра Якаўлеўна, толькі ў чатырох сядзібах ёсць гаспадары, у астатніх добра, калі ўладальнікі прыязджаюць у дачны сезон. Узімку Бортнавічы пусцеюць амаль поўнасцю, бо старыя раз’язджаюцца зімаваць да дзяцей у Пружаны ці Бярозу.
— Цывілізацыя для нас скончылася, калі зачынілася мясцовая школа ды магазін, была зруйнавана калгасная сядзіба,— успамінае Аляксандра Якаўлеўна.— Тады і пачалі з вёскі ад’язджаць людзі: спачатку моладзь, а потым дзеці сталі забіраць і бацькоў. Бачыце пустыя пляцы ўздоўж вуліцы? Раней тут былі хаты, шчыльненька адна да адной.
На некаторай адлегласці ад вёскі стаіць адзінокі дом, больш падобны на хутар. І вельмі дзіўна было бачыць на ім шыльду «вул.Камуністычная». Відаць, хутка і Бортнавічы ператворацца ў такі ж хутар, а потым і ўвогуле знікнуць з карты раёна.
Нас вельмі цікавіла, адкуль пайшла назва гэтага населенага пункту. Некаторыя жыхары выказвалі думку, што тут трымалі шмат вулляў і гандлявалі мёдам. Вось толькі паспытаць мёду з Бортнавічаў, напэўна, цяпер мала каму ўдаецца.
Нягледзячы на тое, што Бортнавічы зараз можна смела запісваць у катэгорыю не толькі неперспектыўных, але і адміраючых, цывілізацыя тут усё-такі прысутнічае. У трох месцах мы заўважылі шыльды аб рэжыме работы аўтамагазіна: мабільная гандлёвая лаўка прыязджае сюды тройчы на тыдзень. І, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, прывозяць усё, што трэба, і нават заказы выконваюць. Калі мы праходзілі па вясковай вуліцы, то міма нас праехаў трактар камунальнай службы, які збірае смецце. Завітвае ў Бортнавічы і аўтапошта.
А яшчэ 90-гадовая Надзея Якаўлеўна, з якой мы пазнаёміліся на ўскрайку вясковай вуліцы, працяглы час лічыла, што мы з міліцыі. Калі ж мы здолелі дакрычацца, бо бабуля дрэнна чуе, што прыехалі з газеты, то вельмі здзівілася, бо яна «не думала пабачыць так блізка карэспандэнтаў».
— Навошта мяне фатаграфаваць у газету, мы ўжо нікому непатрэбныя, для старых толькі адзіны шлях — на могілкі ў Хараву,— гаворыць бабулька, але спрытна цягне дадому вядро з вадой.
Калі мы ад’язджалі з Бортнавічаў, доўга ўслед брахаў сабака. Злосці ў яго брэху не было, хутчэй — здзіўленне, што людзі так хутка знікаюць. А можа, гэта быў папрок?
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).