Спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе прайшлі ў Пружанах. Удзел у іх, акрамя гаспадароў, прынялі каманды з Брэста і Бярозы.
Для нашага райцэнтра, дзе заняткі па грэка-рымскай барацьбе вядуцца ўсяго некалькі месяцаў, гэта, бясспрэчна, падзея. Пацвярджэннем чаму стала ўвага да першынства з боку раённай улады, Беларускай федэрацыі барацьбы, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў вітаў юных спартсменаў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў. Ён падкрэсліў, што славу любой дзяржавы ствараюць яе абаронцы. А абараніць краіну і сям’ю можа толькі той, хто здольны абараніць сябе. Міхаіл Мікалаевіч выказаў спадзяванне, што юныя барцы — менавіта такія абаронцы, на якіх спадзяюцца родныя, а ў будучым – і дзяржава.
Варта адзначыць, што спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе былі арганізаваны на дастойным узроўні: з пастраеннем і гімнам падчас адкрыцця, з музычнымі нумарамі і высока арганізаванымі спарынгамі ў працэсе спаборніцтваў. Гэта адзначалі і госці.
— Такога разумення таго, што робім мы ў папулярызацыі відаў барацьбы, і такой падтрымкі, якую адчуваем з боку Пружанскага райвыканкама, нідзе больш у вобласці ад мясцовай улады не сустракалі, — з удзячнасцю прызнаўся дырэктар Брэсцкай СДЮШ алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па відах барацьбы Пётр Хацько.
Такія аддзяленні, як у Пружанах, павінны адыграць станоўчую ролю ў развіцці грэка-рымскай барацьбы наогул у вобласці, каб падцягнуцца да ўзроўню Гродзенскай, Мінскай, Гомельскай абласцей, дзе гэты від барацьбы ўжо знайшоў сваё развіццё. На гэта спадзяецца выконваючы дырэктар Беларускай федэрацыі барацьбы Валерый Краўчонак. Пры гэтым не без задавальнення адзначае, што на маючым адбыцца дарослым чэмпіянаце РБ па грэка-рымскай барацьбе Брэсцкая вобласць упершыню будзе поўнасцю прадстаўлена ва ўсіх вагавых катэгорыях.
— Захапляе азарт юных спартсменаў, бачна, як праяўляецца іх байцоўскі характар, прыемна, што не застаюцца раўнадушнымі да выступленняў сваіх выхаванцаў трэнеры, — падзяліўся ён уражаннямі ад першынства.
Грэка-рымская барацьба становіцца больш відовішчнай. На гэта робяць стаўку трэнеры, з упартасцю “змагацца да канца” выходзяць на барцоўскі дыван спартсмены. І хоць на адкрытым першынстве Пружанскага аддзялення змагаліся падлеткі 2003-2005 гадоў нараджэння, ужо назіралася іх спартыўная ўпартасць.
— Сёння мы былі сведкамі, — гаворыць галоўны суддзя спаборніцтваў Канстанцін Кемаў, — як навічкі перамагалі нават тых, хто займаецца гэтым відам спорту некалькі гадоў. Адчуваецца ўзровень падрыхтоўкі. А значыць, з’явяцца новыя лідары.
Хочацца спадзявацца, што сярод іх будуць і пружанцы. Тым больш, што гэтыя спаборніцтвы многім з іх прынеслі першыя перамогі ў сваіх вагавых катэгорыях. А гэта: Дзяніс Юркшайціс — першае месца, Улад Бондар, Аляксандр Ліцкевіч, Вадзім Дзенісевіч, Віталь Навасёлаў, Мікіта Кудрэйка, якія занялі другія месцы, Кірыл Магілёў, Вадзім Сарока, Мікіта Чабак – трэція. Жадаем хлопцам новых перамог!
На здымку: падчас спаборніцтваў; узнагароды пераможцам уручаюць Канстанцін Кемаў і Валерый Краўчонак.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).