У мінулую нядзелю ў Пружанах прайшлі адразу два мерапрыемствы, якія выклікалі небывалую ўвагу з боку цікаўных: адно з іх — цырымонія «Дараванне — 2014».
Гэтая ўрачыстасць мясцовага маштабу з’яўляецца своеасаблівай «ізюмінкай» Пружаншчыны: прапанова ўзнагароджваць лепшых дзяцей раёна была выказана тры гады таму. Ідэю, як паказаў час, не дарэмна ўвасобілі ў жыццё — апошняе «Дараванне» стварыла поўны аншлаг у зале Палаца культуры.
Як удакладніў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў, які з’яўляецца ініцыятарам цырымоніі, колькасць юных талентаў у раёне штогод павялічваецца. Так, у параўнанні з першым разам, сёлета ўзнагароджаных было амаль удвая больш. І кожны з іх таленавіты па-свойму: адныя дабіліся поспехаў у спорце, другія — у вучобе, хтосьці — у галіне культуры. Цырымонія — гэта ўсяго толькі спосаб яшчэ раз звярнуць увагу на тых, дзякуючы каму назва нашага раёна гучала не толькі на абласным, рэспубліканскім, але і міжнародным узроўнях. У выніку за гэта сёлета ў якасці прэміі да сертыфіката дзеці атрымалі 96 мільёнаў рублёў.
Адбывалася гэта ў незвычайнай форме: на сцэне Палаца культуры разгарнулася сапраўднае прадстаўленне, галоўным героем якога стаў Міхаіл Мікалаевіч, выканаўшы ролю добрага і шчодрага Дзеда Мароза. Шчырыя апладысменты ад гледачоў, а таксама падзякі атрымалі не толькі віноўнікі цырымоніі, але і іх бацькі, педагогі, трэнеры.
Дарэчы, асаблівасцю сёлетняй цырымоніі было тое, што ва ўручэнні падарункаў і ўзнагароджанні, акрамя райвыканкама, прымалі ўдзел прадстаўнікі іншых арганізацый. Напрыклад, прадстаўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Брэсцкай вобласці адзначылі лепшыя спартыўныя каманды і іх трэнераў. Сваіх юных пазаштатных карэспандэнтаў вызначыла і наша «раёнка»: каштоўныя падарункі дасталіся Уладу Шпарла і Анастасіі Пуцык, якія актыўна супрацоўнічаюць з газетай і з раённым радыё.
Дараванні адыходзячага года адзначаны, а тым часам арганізатары цырымоніі ўжо думаюць, чым здзівіць падрастаючых талентаў у наступным годзе.
Марына Вакульская, фота аўтара.