Четверг, 10 октября 2024

Бессмертный полк: Иван и Василий Сапегины

1 253

Сапегін Іван Іванавіч (1919-1993 гг.), г. Пружаны

Сапегін Васіль Іванавіч (1922-1995 гг.), пас. Інтэрнацыянальны

Мой тата абзавёўся  сям’ёй вельмі рана: ажаніўся, калі яму было ўсяго 17 гадоў. А літаральна праз два гады, у 1939-м, яму давялося пакінуць маладую жонку, гадавалую дачку і адправіцца на савецка-фінскую вайну. Сёння, гледзячы на сваіх унукаў, толькі дзіву даюся: якім жа юным быў тата, калі яму давялося на асабістым вопыце спазнаць, што такое вайна! У сталым узросце ён часта ўспамінаў той холад, голад і пастаянны подых смерці побач.27апр2015_0892

У 1941 годзе яго, чырвонаармейца 553 артылерыйскага палка 176 артдывізіі,  перакваліфікавалі ў шафёра. Тата трапіў у Сталінград, дзе ваяваў да 1943-га. Сталінградскі, Данскі, 1-ы Беларускі — нямала франтоў праехаў наш Іван Іванавіч. Ён удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Ужо пасля вайны ён не раз прасіў мяне пабываць у Познані і знайсці яго саслужыўцаў. І ў 30-годдзе Перамогі яму такі ўдалося адшукаць аднапалчаніна.27апр2015_0896

Не раз бацька падкрэсліваў, як крыўдна было, калі ў 1945 годзе замест таго, каб пасля столькіх гадоў расставання з сям’ёй абняць родных людзей, яго адправілі на Забайкальскі фронт. Вярнуўся ён дамоў толькі ў 1946 годзе пасля вайны з Японіяй, у якой прымаў самы непасрэдны ўдзел.

Самымі жудаснымі з успамінаў былі для яго сталінградскія падзеі. Расказваючы пра жорсткія баі, ён падкрэсліваў, што, пакуль нямецкая армія наносіла каля тысячы бомбаўдараў, з нашага боку ў адказ было не больш сотні. Аднойчы на пантоннай пераправе падчас дастаўкі снарадаў яго «палутарку» пачалі абстрэльваць з паветра. Выбуховай хваляй тату выкінула з машыны, і ён упаў у ваду. У жаху нават не адразу сцяміў, у які бок трэба плыць. Ён не вельмі добра плаваў, але ад страху пераплыў Волгу! Увогуле ад яго расказаў пра Сталінград, у мяне мурашкі па скуры.27апр2015_0893

Нам у акупацыі таксама было нялёгка: пакуль мама, Еўфрасіння Пятроўна, вымушана  хадзіла на работы — рыццё акопаў, узвядзенне абарончых збудаванняў, мы, дзятва, сядзелі ў падвалах. Да слова: мы жылі пад Курскам, дзе адбылася адна з самых вядомых і значных бітваў Вялікай Айчыннай вайны.

Тата быў шафёрам, таму, зразумела, нейкіх значных подзвігаў не меў. А вось яго брат — Васіль Іванавіч — служыў у складзе развед-групы, і на яго рахунку нямала гераічных учынкаў. З бітвы пад Масквой дзядзька выйшаў жывым, але без рукі. А сапраўдная слава знайшла яго толькі праз 15 гадоў пасля вайны, тады яму і ўручылі медаль «За адвагу». Сапегіны ў гэты час ужо жылі на Пружаншчыне: сюды, вярнуўшыся з вайны, у 1946 годзе ўсю сям’ю з Куршчыны перавёз мой тата, які вырашыў застацца на службе ў Слабудцы.04май2015_1952

Не менш гераічным быў лёс майго стрыечнага дзядзькі Іларыёна Дзмітрыевіча Сапегіна. У лютым 1942 года яго атрад, які займаў пазіцыю каля сяла Носава непадалёку ад Ржэва, трапіў у кацёл. Ніхто з таго бою не выйшаў жывым. На дзядзьку Іларыёна прыйшла пахаванка, дзе значылася, што ён прапаў без звестак. І толькі ў 2013 годзе «чырвоныя следапыты» ўстанавілі месца гібелі яго атрада і імёны некаторых байцоў. Мы ездзілі туды і на ўрачыстае адкрыццё помніка, на якім высечаны імёны герояў, першае ў спісе — прозвішча камандзіра І.Д.Сапегіна.

Сёння лёс раскідаў нас, Сапегіных, па ўсім свеце: Амерыка, Англія… Мой стрыечны брат, сын дзядзькі Васіля, жыве ў Маскве, каля 20 гадоў служыў у крымінальным вышуку — знакамітым «МУРы», атрымаў званне палкоўніка. Пайшоўшы ў адстаўку, прыняў пострыг, за ўласныя зберажэнні пабудаваў храм у Васкрасенску. Ёсць родзічы ў розных краінах свету.

Дарэчы, нядаўна зацікавілася сямейнай радаслоўнай, карані якой… прывялі да знакамітага роду Сапегаў.  Спачатку я і сама ўсміхалася з гэтых здагадак, але адна са сваячак расказала: у свой час адзін з прадстаўнікоў гэтага магнацкага роду меў маёнтак, непадалёк ад якога жылі нашы продкі. Ён закруціў раман з маладой жанчынай, якая нарадзіла яму дзіцятка. Калі на малога паказвалі: «Чый?», — людзі  казалі, маўляў, Сапегін. Адсюль, гавораць, і пайшло наша прозвішча.27апр2015_0895

Праўда гэта ці паданне, цяпер складана сказаць.

Вельмі хочацца, каб мае ўнукі таксама цікавіліся сваімі каранямі і не забывалі пра слаўныя подзвігі сваіх продкаў.

Надзея Казлоўская, г.Пружаны.

На здымках: 1.  Наша сям‘я пасля вайны. 2.   Іван Сапегін — навабранец, фота 1939 г.                        3. Тата з франтавымі таварышамі, г.Познань. 4. Дзядзька Васіль Іванавіч Сапегін.  5. З унучкай Маргарытай. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *