Суббота, 18 января 2025

Белорусские Пружаны и болгарский Первомай подписали соглашение о партнерских и дружеских связях

1 737

У мінулы аўторак старшыня райвыканкама Міхаіл Серкоў  і кмет абшчыны Первамай (Рэспубліка Балгарыя) Ангел Папазаў падпісалі пагадненне аб партнёрскіх і сяброўскіх сувязях паміж гарадамі Пружаны і  Первамай.

Гэта знамянальная падзея адбылася падчас двухдзённага знаходжання  на Пружаншчыне дэлегацыі Арганізацыі Еўразійскага Супрацоўніцтва (Рэспубліка Балгарыя), у складзе якой былі пяць балгараў на чале  з сустаршынёй згаданай грамадскай арганізацыі  Янкам Тапалавым. Суправаджалі гасцей у гэтай паездцы прадстаўнікі Беларускай універсальнай таварнай біржы і  яе прадстаўніцтва ў Расіі. І не выпадкова. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, на гэтай біржы зарэгістраваны некалькі балгарскіх кампаній. Больш таго, у Балгарыі з’явілася структура, якая будзе садзейнічаць развіццю двухбаковых  гандлёва-эканамічных сувязей.

Уласна кажучы, на гэта ў першую чаргу і накіравана падпісанае пагадненне: бакі ў межах сваіх кампетэнцый, з захаваннем нацыянальных заканадаўстваў  будуць прымаць неабходныя меры, накіраваныя на развіццё і пашырэнне ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага эканамічнага, гандлёвага, тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж гарадамі. Аб мяркуемых магчымасцях такога супрацоўніцтва і вялася размова на перамовах у райвыканкаме.

Ангел Папазаў коратка расказаў аб тым, што ўяўляе сабой горад Первамай і аднайменная абшчына, якая ўваходзіць у склад Плоўдзіўскай вобласці. У абшчыне пражываюць прыкладна 30 тысяч чалавек, палавіна з іх —у самім горадзе. Аснову эканомікі рэгіёна складае вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і яе перапрацоўка, на тэрыторыі абшчыны дзейнічаюць пяць кансервавых заводаў, тры прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, прадукцыя якіх паступае і ў краіны Персідскага заліва. Шыюць тут таксама адзенне для краін Еўрасаюза, попытам карыстаюцца запчасткі для чыгуначных вагонаў і трамваяў. Кмет адзначыў, што балгарскі бок вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларусамі, гэта будзе выгаднае супрацоўніцтва, паколькі Первамай ўдзельнічае ў буйных еўрапейскіх праектах.

З гісторыяй Пружаншчыны, дасягненнямі і перспектывамі яе сацыяльна-эканамічнага развіцця гасцей азнаёміў намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук. Дапаўняючы яго, старшыня райвыканкама М.М.Серкоў падкрэсліў, што ў беларусаў і балгараў падобная ментальнасць, што немалаважна для наладжвання дзелавых кантактаў. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў нас створаны вельмі прывабныя ўмовы для  замежных інвестыцый, і запэўніў гасцей, сярод якіх былі і прадпрымальнікі, у тым, што мясцовая ўлада  з вялікай зацікаўленасцю будзе ставіцца да ўсіх  прапаноў аб супрацоўніцтве.

Якім яно будзе, ці знойдуцца агульныя ўзаемавыгадныя падставы для такога супрацоўніцтва, — пакажа час. Ва ўсякім выпадку, з гэтага моманту бакі намераны  падтрымліваць цесныя кантакты, якія абавязкова прывядуць да ажыццяўлення  канкрэтных сумесных эканамічных і культурных праектаў.

На здымку: старшыня райвыканкама Міхаіл Серкоў  і кмет абшчыны Первамай Ангел Папазаў.

Мікола Антонаў.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *