Воскресенье, 3 ноября 2024

Беловежская магистраль: от Белого леска до Клетного

2 450

Наша падарожжа пачалося з Белага Ляска. Адразу за вёскай і адбылася першая сустрэча з дарожнікамі: рабочыя раўнялі адхоны і сеялі траву. Крыху далей працавала тэхніка: экскаватары і грэйдэры.

Размаўляем з начальнікам Рагачоўскага дарожнага будаўнічага ўчастка №1 Віктарам Куляшовым:
— Практычна на ўсім гэтым участку даўжынёй у больш як 60 кіламетраў працуюць дарожнікі з Рагачова. Па зямлі ўжо зроблена амаль усё. А гэта вялікая справа — насыпаць дарожнае палатно, на якое хутка ляжа асфальт.
Гэтым займаецца амаль 90 чалавек. А калі да іх дадаць яшчэ і вадзіцеляў з субпадрадных арганізацый, то лічба амаль падвоіцца.
— А мы там праедзем?— дапытваецца наш шафёр, убачыўшы наперадзе ў жвіры заглыбокія, на яго погляд, для рэдакцыйнага «Форда» каляіны.
— Да Бакуноў можаце ехаць смела!
Па дарозе мы налічылі больш 20 адзінак тэхнікі. Найбольш — экскаватараў. У асноўным усе яны працавалі на навядзенні парадку ў адхонах. Ля аднаго мы спыніліся ўражаныя. Знешне падобны на іншапланетную талерку, ён спрытна чэрпаў вялікім каўшом і грузіў на КамАЗы зямлю.
— Гэта LCB англійскай вытворчасці,— патлумачыў, спрытна саскочыўшы з прыступак кабінкі, гаспадар экскаватара, заслужаны дарожнік Міхаіл Гапееў.— Я на ім ужо пяць гадоў будую дарогі…
— Дзе вялікія дарогі, там і я,— смяецца экскаватаршчык.
А начальнік участка ўдакладняе:
— У нас ўсе людзі з вопытам. Абы каму такую будоўлю не давяраюць. Два тыдні працуем без выхадных, потым тры дні «водпуску» дахаты і зноў два тыдні… Дарэчы, знаёмцеся,— начальнік участка вядзе карэпандэнтаў да прыгожага маладога чалавека ў новенькай форме.— Гэта — мой вучань Валерый Максімаў. Прараб. І проста таленавіты хлапец!
Мы і не заўважылі як «наслядзілі» на дарозе. Валерый не злуецца: хутка на гэты ўчастак прыйдуць спецыяльныя каткі, пасля якіх утрамбаваную зямлю не праб’юць нават вострыя жаночыя абцасікі!
Едзем далей. Па дарозе сустракаем (запісваю, каб не памыліцца) бульдозеры, грэйдэры, кран, водавозку і палівачную машыну.
— Апошнія,— удакладняе прараб,— для таго, каб на будоўлі было як найменш пылу.
— Чым жа,— зноў цікавімся мы,— Белавежская дарога будзе адрозніваецца ад якой іншай?
— Да яе будаўніцтва патрабаванні асаблівыя. За якасцю пастаянна сочыць тэхнагляд. Аб’ект  знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта. Ды вы і самі ў гэтым хутка пераканаецеся,— паказаў
Валерый Васільевіч на палатно, якое прарэзала лес у накірунку турыстычнага комплексу ў вёсцы Клятное.
На шляху мы налічылі восем пракладзеных праз дарогу труб. У іх ліку не толькі дрэнажныя. Два такія пераходы зроблены знарок для… земнаводных. У мінулым годзе вучоныя Акадэміі навук выявілі тут знаходжанне рэдкіх мармуровых жаб. Яны занесены ў Чырвоную Кнігу і патрабуюць клапатлівых адносінаў. (Дарэчы, у раёне вёсак Брады і Гута будуюцца і падземныя пераходы для капытных жывёл).
Мінаем Роўбіцк, Андрыянаўку… У двух з паловай кіламетрах ад Бакуноў вадзіцель аднаго з КамАЗаў, які ішоў насустрач, прапанаваў нам гэты ўчастак дарогі аб’ехаць праз вёску.
— А там вы якраз выедзеце на пракладку асфальту,— запэўніў ён.
Адметна, што на ўсім сваім працягу ад Белага Ляска да Клятнога Белавежская дарога ніводнага разу не праходзіла праз вёскі. Напэўна, каб у будучым інтэнсіўны рух не замінаў вяскоўцам. За Бакунамі — новая сустрэча на новай дарозе. На гэты раз з асфальтаўкладчыкамі.
— Вось такой хутка будзе ўся аб’язная дарога,— паказвае на асфальтавае люстэрка начальнік гэтага ўчастка Вячаслаў Загорцаў.— Восем кіламетраў мы плануем заасфальтаваць за два тыдні…
Беларускім БАМам дарожнікі называюць Белавежскую аб’язную дарогу не выпадкова. На яе будаўніцтве задзейнічаны буйнейшыя дарожныя трэсты, калі можна так сказаць, зубры дарожнай будоўлі практычна з усёй рэспублікі — Мінска, Брэста, Гродна, Магілёва…
— Па дарозе мы робім аўтамабільныя прыпынкі, будзем яшчэ ставіць дарожныя знакі,— працягвае аповед Вячаслаў Мікалаевіч.— А хутка на змену прыйдуць будаўнікі з прадпрымальнікамі для ўзвядзення аб’ектаў дарожнага сервісу.
Дарэчы, восем месцаў для будучых кафэ і турыстычных пунктаў прыпынку ўжо сфарміраваны. Адзін з участаў (каля вёскі Котра) на аўкцыёне набыло ААТ «Жураўлінае».
У гэты дзень мы праехалі па новай дарозе 60 кіламетраў. Будаўніцтва яе ў самым разгары. Здача ў эксплуатацыю плануецца ўжо ў лістападзе.
Для даведкі:
Аўтадарожны абход Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» — гэта дарога працягласцю 226 кіламетраў. 180 км яе праходзіць па тэрыторыі Брэсцкай вобласці і 88,5 — па Пружанскім раёне. Шырыня дарогі — 10 метраў зямельнага і 9 — асфальтабетоннага пакрыцця. Дарога акружае Белавежскую пушчу па перыметру межаў беларускай часткі запаведніка, размешчанага на тэрыторыі Камянецкага, Пружанскага і Свіслацкага раёнаў. Пачынаецца траса на беларуска-польскай мяжы ў Камянецкім раёне. А канчатковым пунктам Белавежскага маршрута з’яўляецца Свіслач. Аб’язную дарогу называюць адным з буйнейшых інвестыцыйных праектаў вобласці.
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *