Свята запальвання навагодняй ёлкі “Чароўныя агні”, якое адбылося на цэнтральнай плошчы горада, дало пачатак правядзенню ўсіх навагодніх святаў.
А галоўнымі героямі свята сталі, вядома ж, Дзяды Марозы са Снягуркамі. Іх з усіх клубных устаноў раёна, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі назбіралася ажно 36 пар. У вясёлым флэшмобе і з’явіліся яны ўсе разам на плошчы каля Палаца культуры.
Дзеці з вялікім захапленнем вадзілі разам з імі карагоды, гулялі ў гульні і, вядома ж, спявалі знаёмую кожнаму з дзяцінства добрую песеньку пра нараджэнне ў лесе елачкі.
Ну, а калі па агульнай просьбе дзяцей і дарослых галоўная гарадская ёлка заззяла, сімвалічныя агеньчыкі ад яе запалілі і прыезджыя Дзяды Марозы. Ад гэтых агеньчыкаў неўзабаве заззяюць усе навагоднія ёлкі ў раёне.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).