Байкерскі рух стаў у свой час маладзёжнай субкультурай — са сваім стылем, мовай і манерай паводзін. Аднак гэта было паўстагоддзя таму на дарогах Амерыкі. З распаўсюджваннем гэтага накірунку па ўсім свеце змяніліся і стыль, і падыходы да самога байкерства. У Беларусі такі рух таксама прысутнічае, але назваць яго маладзёжным ужо нельга.
— Аляксандр Уладзіміравіч, часцяком даводзіцца чуць меркаванне: «сцеражыся, байкер п’яны на матацыкле». Няўжо ў гэтым сэнс такога руху?
— Спачатку байкерства было сімвалам анархіі і непрыняцця ўсіх норм грамадства. Але ўдзельнікі гэтага руху не выступалі супраць законаў, а проста збягалі ад раскладаў і загадаў. У выніку байкеры сталі вандроўнікамі, якія ў дарозе шукаюць свабоду для сваёй душы. Зараз байкерства — гэта не стыль язды на матацыкле, а стыль жыцця. Таму, мяркую, клубы, як правіла, складаюцца з людзей, якія нечага дасягнулі ў сваім жыцці, а не з «зялёнай» моладзі.
Па-другое, не кожнага матацыкліста можна назваць байкерам. Больш таго, лічыць прыхільнікам гэтай субкультуры тых, хто любіць ганяць на «жалезным кані», увогуле няпра-вільна, бо для нас галоўнае — не хуткасць, а магчымасць ехаць доўга і атрымліваць асалоду ад самаго працэсу і наваколля.
Часта байкера «выдае» знешні выгляд, але з гадамі і ён мяняецца: цяпер мы не заўсёды ездзім у «скуры», мала ў каго з сённяшніх байкераў можна ўбачыць бараду.
— Ці складана ўступіць у байкерскі клуб і якім быў Ваш шлях да гэтага?
— Стаць членам клуба — не галоўная мэта, дасягнуць якой можна ўсім, хто мае матацыкл. Напрыклад, беларускія «Анархісты» падарылі нашаму Прэзідэнту матацыкл, таму ён таксама пры ўласным жаданні можа лічыцца байкерам.
Пытанне ў іншым: ці прымуць іншыя члены вас як роўнага сабе? Не па грошах і іншых матэрыяльных прыкметах, а менавіта па духу, па ўменні падтрымліваць сяброў і стаць сапраўдным таварышам. У дарозе можа здарыцца рознае, і дзе б я не аказаўся, мне дастаткова патэлефанаваць сябрам, каб атрымаць аператыўную падтрымку. Ці то ў Беларусі, ці то ў Нідэрландах або Францыі — усё роўна. Аднойчы пасярод дарогі ў мяне здарылася аварыя і незнаёмы байкер спыніўся побач, каб прапанаваць дапамогу.
Таго ж чакаюць і ад цябе. Толькі тады можна прэтэндаваць на «колеры» нашага клуба (так сярод байкераў называецца эмблема — Заўв. аўт.).
А мой шлях пачынаўся з матацыкла «Ява 350-638», які бацька дапамог купіць у 20 гадоў. Потым былі іншыя «жалезныя коні», але адзіным заставалася жаданне «накручваць на спіцы дарогу».
— Напэўна, з гадамі першае пачуццё задавальнення ад язды прытупілася?
— Яно перайшло на зусім іншы, больш высакаякасны ўзровень. Што тады я мог сабе дазволіць: ганяць з сябрамі па грунтовых дарогах, і то рэдка, бо не хапала грошай на бензін. Сёння я маю іншы дастатак і разам з жонкай мы падарожнічаем па іншых краінах. Прычым толькі на двух колах.
— Праехаць тысячу кіламетраў, на маю думку, у аўтамабілі больш зручна, чым седзячы на матацыкле.
— На звычайным так, але сапраўдны байк мае не менш камфортнасці, чым машына. Да таго ж аўто вас вязе, а з матацыклам трэба стаць адным цэлым, і ствараецца адчуванне, што ты бяжыш па асфальце на сваіх нагах, толькі вельмі хутка. Адчуваеш і вецер, і пах прырода, і бачыш наваколле не праз лабавое і бакавыя вокны… Каб было больш зразумела, паспрабуйце параўнаць прагляд кіна-фільма ў звычайным кінатэатры і ўбачыць тое ж дзейства на сцэне тэатра з жывымі акцёрамі. Без лішніх дубляў і штучных спецэфектаў.
— Раскрыйце сакрэт традыцый байкерства.
— Ніякіх сакрэтаў няма, практычна ўсё тое ж самае, як і ў вялікай сям’і. Часцей збірацца разам, не здраджваць агульным інтарэсам. Нядаўна мы сустракаліся пад Жабінкай на мотафестывалі, дзе дзяліліся вопытам і ўражаннямі ад убачаных мясцін. Прычым збіраюцца не толькі беларусы, наш клуб лічыцца міжнародным.
— А як разумееце адзін аднаго, няўжо наймаеце перакладчыка?
— Калі думаеш аб адным і тым жа, то разумееш іншага нават без слоў. У паўся-дзённым жыцці можам знаходзіць байкераў у людскім натоўпе: першыя словы ў нас заўсёды будуць менавіта пра матацыкл. Гэтаму транспарту многае прысвячаецца ў нашым жыцці. Таму і члены клуба, як я ўжо сказаў, часцей людзі пэўнага дастатку, бо такое задавальненне каштуе добрых грошай.
— Аляксандр Уладзіміравіч, як удаецца сумяшчаць работу з прагай дарогі?
— А я «заразіў» гэтым усю сваю сям’ю, таму мы цяпер так бавім свой вольны сямейны час!
Алег Сідарэнка.
Фота з архіва А.У.Каральчука.