Нагадаем нашым чытачам, што ў ліпені гэтага года “Раённыя будні” апублікавалі артыкул “Цягнікі пралятаюць міма…”, у якім наш карэспандэнт паспрабаваў разабрацца, чаму пасажыры Пружанскага раёна, у параўнанні з суседзямі, абдзелены ўвагай чыгуначнікаў. Матэрыял быў накіраваны на рэагаванне ў дзяржаўнае аб’яднанне “Беларуская чыгунка”.
Рэдакцыя атрымала адказ за подпісам першага намесніка начальніка гэтай саліднай арганізацыі. Мы ўважліва прааналізавалі матэрыялы рэагавання і палічылі, што кропку ў гэтай справе ставіць рана…
Артыкул «Цягнікі пралятаюць міма…», апублікаваны ў газеце «Раённыя будні» ад 06.07.2013 №52, разгледжаны.
Інфармуем, што цягнік №646 Брэст — Мінск, які праходзіць станцыю Аранчыцы без прыпынку ў 07.20 (прыбыццё ў Мінск у 10.13), пры ўводзе новага графіка руху цягнікоў на 2013/2014 год аднесены да міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа. У адпаведнасці з пунктам 4 Правілаў перавозкі пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў Рэспубліцы Беларусь цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа маюць прыпынкі на станцыях і прыпынкавых пунктах, размешчаных у гарадах абласнога падначалення, абласных цэнтрах і горадзе Мінску. У Брэсцкай вобласці да дадзенай катэгорыі населеных пунктаў адносяцца гарады Брэст і Баранавічы. Для забеспячэння вывазу пасажыраў са станцыі Аранчыцы да станцыі Мінск у ранішнія гадзіны пры ўводзе новага графіка прызначаны ў штодзённае курсіраванне цягнік міжрэгіянальных ліній эканом-класа №664 Брэст -Мінск (адпраўленне з Аранчыц — у 06.44, прыбыццё ў Мінск — у 10.30).
Сцвярджэнне пра тое, што «Таксама трэба чакаць, што ў некаторыя дні электрычка Мінск — Брэст, якая спынялася каля сёмай гадзіны ў Аранчыцах, таксама будзе пралятаць без прыпынку», не адпавядае рэчаіснасці. Са станцыі Аранчыцы ва ўказаны прамежак часу адпраўляюцца цягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа №6801/6301 Мінск — Брэст у 06.06, а таксама №6316/6315 Белаазёрск — Брэст у 07.00. У вячэрні час у накірунку Мінск — Брэст са станцыі Аранчыцы адпраўляюцца наступныя цягнікі: №6815/6309 — у 17.27, №6823/6311 — у 21.43. Брэсцкае аддзяленне чыгункі не плануе адмены прыпынкаў па станцыі Аранчыцы гэтых і іншых цягнікоў.
Па пытанні прыпынку на станцыі Аранчыцы цягнікоў рэгіянальных ліній бізнэс-класа паведамляем, што ўвод дадатковай стаянкі пацягне за сабой значную перапрацоўку і карэкціроўку графіка руху цягнікоў на ўчастку Мінск-Брэст.
Сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.05.2003 №724 (са змяненнямі ад 22.12.2012) «Аб мерах па ўкараненні Сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі». У адпаведнасці з пунктам 30 гэтай Сістэмы ахоп (з улікам чыгуначнага транспарту і ўнутранага воднага транспарту ў навігацыйны перыяд) аграгарадкоў з колькасцю насельніцтва больш 1 тысячы чалавек павінен складаць 100 працэнтаў пры абавязковым выкананні не менш 28 рэйсаў у тыдзень. У адпаведнасці з пунктам 34 згаданай Сістэмы нарматыў абслугоўвання насельніцтва на ўнутрыабласных (міжгародніх) маршрутах (з улікам чыгуначнага і ўнутранага воднага транспарту) складае штодня 1 зварот (2 рэйсы) паміж раёнам і абласным цэнтрам. Штотыдзень праз чыгуначную станцыю Аранчыцы пройдзе з прыпынкам 98 цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа, 49 цягнікоў міжрэгіянальных ліній эканом-класа і 53 цягнікі міжнародных ліній. Паміж станцыяй Аранчыцы і абласным цэнтрам Брэст штодня курсіруюць 7 пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа і 7 пар цягнікоў міжрэгіянальных і міжнародных ліній. Такім чынам, сцвярджэнне пра нераспаўсюджанне на чыгунку сацыяльных стандартаў не адпавядае рэчаіснасці.
Апошняя змена раскладу руху цягнікоў па станцыі Аранчыцы была зроблена 26 мая 2013 года пры ўводзе новага графіка руху цягнікоў на 2013/2014 гады. У перыяд правядзення работ па рамонце і бягучым утрыманні абсталявання і звязанымі з гэтым адменамі і скарачэннямі маршрутаў руху цягнікоў ажыццяўляецца своечасовае інфармаванне пасажыраў пра змену раскладу.
Таксама паведамляем, што чыгуначныя зносіны злучаюць станцыю Аранчыцы з такімі гарадамі, як Масква, Санкт-Пецярбург, Новасібірск, Ніжні Ноўгарад, Екацерынбург, Цюмень, Омск, Мінск, Магілёў, Віцебск і інш. Адпраўленне цягнікоў міжрэгіянальных і міжнародных ліній да станцыі Мінск ажыцяўляецца на працягу ўсяго дня: штодня ў 05.21, 06.44, 12.54, 15.03, 15.32, 18.44, 22.47, а таксама ў 11.38 па аўторках і суботах. Прыбыццё цягнікоў міжрэгіянальных і міжнародных ліній з Мінска на станцыю Аранчыцы таксама забяспечана на працягу ўсяго дня: штодня ў 04.39, 07.32, 09.38, 11.20, 17.02, 20.46, 22.12, а таксама ў 15.39 па панядзелках і пятніцах…
У.Б.Міхайлюк, першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі.
Ад рэдакцыі: Мы ўдзячны кіраўніцтву Беларускай чыгункі за падрабязны адказ на наш артыкул. Шчыра кажучы, не так часта рэагаванні высокіх інстанцый на крытычнае выступленне нейкай там “раёнкі” вымяраецца аб’ёмам ажно ў дзве старонкі тэксту.
Аднак, прааналізаваўшы адказ, мы прыйшлі да высновы, што ў ім прысутнічае яўная спроба пераканаць газету ў тым, што Беларуская чыгунка зрабіла ўжо ўсё магчымае, каб забяспечыць і рэгулярную, і камфортную дастаўку пасажыраў Пружанскага раёна, якія вырашаюць скарыстацца паслугамі чыгуначнай станцыі Аранчыцы. Лічбы, прыведзеныя ў адказе шаноўнага першага намесніка начальніка БЧ, прызнацца, уражваюць: столькі цягнікоў курсіруюць праз станцыю, чаго яшчэ хацець?
Аднак паверце, што гэтыя лічбы — нішто для чалавека, які хоць бы аднойчы трапляў у сітуацыю – недарэчную і крыўдную. А прыкладаў такіх сітуацый можна прывесці мноства. Як бы вы адрэгавалі, калі б усёй вашай вялікай кампаніі калег, накіраваных у камандзіроўку з Баранавіч, Івацэвічаў, Жабінкі, Брэста, у мінскай касе выдалі білеты на адзін і той жа цягнік, а беднаму пружанцу адмовілі? І не таму, што скончыліся раптам білеты, а таму, што той цягнік у Аранчыцах не спыняецца. Міжволі задумаешся: якой такой логікай кіраваліся складальнікі раскладу руху цягнікоў на адрэзку чыгункі ад Брэста да Баранавіч, каб, прама скажам, паставіць у зняважлівае становішча цэлы раён, прычым адзін з самых вялікіх на Брэстчыне?
Шаноўны першы намеснік начальніка БЧ так і не патлумачыў, чаму ўсё ж швейцарскі цуда-“Штадлер” пакідае ў Аранчыцах не пасажыраў, а толькі шум і свіст. І так шэсць разоў на дзень хуткасныя цягнікі №№ 831Б, 833Б і 835Б (з Баранавіч на Брэст) і №№ 832Б, 834Б і 836Б (у адваротным накірунку), палохаючы малалетніх пасажыраў на аранчыцкім пероне, з хуткасцю метэора снуюць сюды-туды. У ліку шчасліўчыкаў – жыхары Брэста, Жабінкі, Бярозы, Івацэвіч, Баранавіч, ну і далей – да самага Мінска.
Або вось такі прыклад адмысловай логікі чыгуначнікаў. Калі вы селі ў Аранчыцах на цягнік №132Б Брэст-Масква, то назад са сталіцы з маўзалеем Леніна гэтым цягніком вы дахаты не трапіце. Правільней, трапіце, але толькі высадзіўшыся, напрыклад, у Бярозе: па дзіўнай логіцы зваротны цягнік №131Б у Аранчыцах ужо не спыняецца.
Гэтак жа, грукочучы на стыках рэек, з шумам праносяцца міма крытага аранчыцкага перона цягнікі бізнэс-класа Брэст-Саратаў і Брэст-Караганды, №036Б Брэст-Санкт-Пецярбург і Брэст-Новасібірск (вядома, туды і назад)… Наступны прыпынак – Бяроза-горад.
Некалі наш знакаміты паэт Францішак Багушэвіч пісаў, што “Бог няроўна дзеліць”. У нашай сітуацыі, пэўна, Бог тут ні пры чым.
І напрыканцы хацелася б звярнуцца да кіраўніцтва Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, дзе мы ўсё ж паспрабуем пашукаць справядлівасці, каб там не паступілі “прынцыпова”: калі скардзіцца адзін, што яму дрэнна, дык хай у навучанне будзе дрэнна і сусе-дзям. Мы за тое, каб лепш было ўсім.
Фота http://railwayz.info