Понедельник, 2 декабря 2024

А вы уже узнали происхождение своей фамилии? О популярных пружанских фамилиях рассуждает историк Вера Терехова

2 035

Беларусь спрадвек прыцягвала прадстаўнікоў суседніх  і далёкіх народаў, таму многія прозвішчы цяперашніх жыхароў Пружаншчыны маюць непасрэднае дачыненне да продкаў розных плямёнаў, народаў і краін.

Як у нашай мясцовасці апынуліся Швабовічы і Харуты, можна толькі здагадвацца. Але тое, што гэтыя прозвішчы не тутэйшыя, можна сцвярджаць дакладна.  Швабы – адно з плямёнаў старажытнай Германіі. Каралеўства швабаў распалася ў 13 стагоддзі. Швабамі называюць немцаў, прусаў. “Харутане” – продкі сучасных сербаў і славенцаў, жылі на ўсходзе ад Карпат.

Прозвішча Крывіцкі яўна ўказвае на тое, што яго носяць тыя, хто меў адносіны да крывічоў – усходнеславянскага племяннога аб’яднання 6 – 10 стагоддзяў, якое займала тэрыторыю верхняга цячэння Дняпра, Заходняй Дзвіны, паўднёвую частку басейна Чудскога возера.

Дайнека – чалавек з Дайновы, гістарычнай вобласці на тэрыторыі Літвы і паўночным захадзе Беларусі, якая ахоплівала землі паміж Нёманам і Віліяй і межавала з Гарадзенскім княствам.

Цікавае паходжанне мае прозвішча Куяўскі. Паводле сведчанняў старажытных арабскіх гісторыкаў, недзе ў 8 стагоддзі існавалі  яшчэ такія  невялікія аб’яднанні ўсходніх славян, як Славія, Куявія і Артанія. Куява – азначае  “круты ўзгорак, гарыстая паверхня”.

Напэўна, не многія ведаюць, што сучасны  горад Брэст называўся Бярэсцем да сярэдзіны 17 стагоддзя. Пад уплывам польскай мовы Бярэсце трансфармавалася ў Бжэсце і стала называцца Бжэсцем-Куяўскім. У 18 стагоддзі ў памяць аб ранейшай прыналежнасці да Вялікага Княства Літоўскага горад перайменавалі ў Бжэсць-Літоўск (пасля далучэння часткі Рэчы Паспалітай да Расіі – Брэст-Літоўск), а з верасня 1939 года – проста Брэст.

Ёсць падстава сцвярджаць, што прозвішчы Хінец, Хінкул, Хінцынскі маюць дачыненне да продкаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Прыазоўя. Хіны – усходнія полаўцы, качавыя плямёны. Зрэшты, некалі ў славян было і слова “хінь” – схіліся. А можа, і яно пакладзена ў аснову гэтых прозвішчаў?

А пра што вам, шаноўныя чытачы, можа нагадаць прозвішча Мурыновіч? Цяжка нешта сказаць. А, між іншым, яшчэ вялікі беларускі асветнік Ф.Скарына “мурынам” называў…  негра. Магчыма, носьбіты гэтага прозвішча мелі смуглы колер скуры.cat

А вось тлумачэнне такіх прозвішчаў, як Казак, Казакоў, Казакевіч і ім падобных, наўрад ці выкліча цяжкасці. Гэтыя людзі – нашчадкі казакоў.

У 15-17 стагоддзях казакі – гэта пераважна прыгонныя сяляне і гарадская бедната, якія збеглі ад феадальнай залежнасці на ўскраіны дзяржавы, на Дон, у  Запарожжа. Удзельнічалі ў вызваленчых войнах, у прыватнасці, у вызваленчай барацьбе ўкраінскага народа ў 1648 – 1654 гадоў. У 18 стагоддзі казакі – гэта ўжо службовыя людзі, якія неслі воінскую службу за атрыманую ва ўзнагароду зямлю. Дайшоўшыя да нашага часу  ўкраінскія казацкія “Рэестры” сведчаць, што сярод данскіх і запарожскіх казакоў было шмат беларусаў, якія нярэдка ўзначальвалі казацкія сотні і палкі.

Казаком у народзе называлі бойкага, здатнага чалавека. “Па-нашаму было гэдак: хто хлопец хлёсткі і смелы, той і казак” (Янка Брыль).

Не выклікае сумненняў і паходжанне прозвішча Бесараб. Чалавек родам з Бесарабіі – гістарычнай вобласці  паміж рэкамі Днестр і Прут (цяпер частка Малдовы і паўднёвая частка Адэскай вобласці).

Ад прыналежнасці да пэўнай народнасці ўтварыліся такія прозвішчы, як  Лях, Ляхоцкі, Ляховіч (ад даволі распаўсюджанай назвы палякаў –“ляхі”), Швед, Шведаў, а таксама Жамойда, Чухонін, Кашуба.

Жамойць (Жмудзь, Жамойція) – гістарычная і этнічная вобласць на захадзе Літвы, якая з 1260г. была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). Жамойціна – літаральна “нізкая зямля”.

Чухонцы – старая народная назва эстонцаў, а таксама карэла-фінаў, якія насялялі наваколле Пецярбурга. Кашубы – народнасць, блізкая да палякаў, якая жыве ў польскім Прымор’і.

Нейкім чынам прыблукала да нас і прозвішча Кідун. Кідані – плямёны мангольскай групы, у старажытнасці былі качэўнікамі. Племя было знішчана, але частка пайшла ў Сярэднюю Азію.

А вось Туцін – наш, мясцовы. Прозвішча паходзіць ад слова “тут”, гэта значыць тутэйшы.

Вера Церахава.

 (Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *