ЯНЫ былі вельмі маладыя, у многім рамантыкі, таму часта жартавалі над сябрамі, смяяліся і здзіўляліся звычаям і прыродзе Афганістана. І хацелі пры вяртанні ў Саюз прывезці з сабой што-небудзь на памяць. Гэтым «што-небудзь» станавіліся фотаздымкі, рабіць якія, да слова, строга забаранялася. Але некаторыя ўсё-такі здолелі правозіць праз заставы фотаапараты. І тады салдацікі, пакуль ніхто не бачыў, фатаграфаваліся. Тыя, ужо старыя і пажаўцелыя, здымкі і сёння беражліва захоўваюцца ў альбомах воінаў-інтэрнацыяналістаў…
-ДУМАЮ, з майго архіва — гэта самы дастой на здымак. Зроблены ён у Джалалабадзе падчас маёй першай камандзіроўкі ў Афганістан у 1983 годзе,— расказвае Анатоль НЕМІРОВІЧ.— На ім мы разам з саслужыўцам, жыхаром Пружан-шчыны Сашам Бахцінавым сфатаграфаваліся на фоне мемарыяльнай дошкі загінуўшым там хлопцам. На пліце ёсць прозвішчы і нашых землякоў —прапаршчыкаў Хандогі і Супруна.
Не ўсім пашчасціла вярнуцца, а мяне Бог ахоўваў, нават падчас другой камандзіроўкі туды ў 1988 годзе.
У АРХІВЕ Алега КАНАНКОВА здымкаў шмат, большасць з іх ён рабіў сам. Як расказвае, многае рабілася «ўціхую», бо за гэта можна было зарабіць шмат непрыемнасцей. Таму і пра якасць гаварыць складана. Свой афганскі альбом Алег Анатольевіч перадаў для стварэння раённага музея ўдзельнікаў афганскай вайны. Адзін з фота-здымкаў ён лічыць найбольш цікавым:
— Мы даволі працяглы час лавілі караван, які перавозіў зброю душманам, каля Фарахрута. І ўсё не ўдавалася яго злавіць, такія хітрыя праваднікі былі. Аднак аднойчы ў чэрвені 1987 года шчасце адвярнулася ад іх і паказала сваю ўсмешку нам. За тую аперацыю мы ўсе атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі. Разам са мной у аперацыі ўдзельнічалі Андрэй Нідзелька і Валяр’ян Шкляр, з якімі сябруем і зараз. Мы па чарзе фатаграфаваліся на фоне трафейнай зброі.
Узнагароды нам далі за тое, што аперацыя прайшла «бяскроўна»: з нашага боку ні аднаго нават параненага, а «духаў» тады палягло больш за 40 чалавек.
-Ды ў мяне нямнога здымкаў засталося,— гаворыць старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Уладзімір НАБОЙЧАНКА.— І, калі казаць праўду, успамінаць пра гэта не люблю.
Але Уладзімір Аляксеевіч расказаў нам гісторыю вось гэтых фотаздымкаў:
— Тут фотаздымку адлюстравана сітуацыя, калі нам давялося сваімі рукамі мяняць рухавік верталёта МІ-8. Гэта была восень 1984 года. Не, сітуацыя была штатная: пры пасадцы ўзнялася хмара пылу, якая трапіла ў рухавік і пабіла яго лапаткі. Ледзь дацягнулі да аэрадрома Файзабада, прызямліліся ўдала, але «вяртушка» больш узляцець не магла. Нейкі час мы чакалі запчасткі з цэнтральнай базы, а потым прыступілі да замены. Я ў той час быў старшым борттэхнікам-інструктарам, але, як інжынер, кантраляваў работу. Разам са мной на здымку яшчэ адзін пружанец Валянцін Барылка, які зараз жыве на Далёкім Усходзе, а трэці — Юра Шамін. Усім хлопцам пашчасціла вярнуцца дахаты здаровымі.
Траім маладым мужыкам не па сілах выцягнуць рухавік «вяртушкі». А кранаў, лябёдак тады ў нас не было. Дык мы і выкруціліся: з крупнакалібернага кулямёта ДШК прабілі адну з верталётных лопасцей, праз дзірку прасунулі трос, адзін канец якога чапляўся да рухавіка, а другі да ГАЗ-66. І так мянялі. Верталёт праз дзень ужо прымаў удзел у баявой аперацыі, і лятаў яшчэ не адзін год.
НА СТОЛ перада мной Сяргей СТАРУШАК паклаў цэлы стос фотаздымкаў. Пра кожны з іх расказваў цікавыя гісторыі: высакагорныя заставы, трафейная зброя, артылерыйскія стрэльбы і многае іншае.
Ці вось гэтую, пра сустрэчу Новага 1989 года:
— Тады ўжо было больш спакойна, чакалі вываду войскаў, які павінен быў пачацца 15 студзеня. На здымку мы разам з сябрамі рыхтуемся да свята. Я, напрыклад, у цэнтры замешваю цеста, нехта рыхтуе чай і бутэрброды. Ведаеце, што многія лічылі мяне шчасліўчыкам, таму і жадалі са мной сфатаграфавацца. Справа ў тым, што да мяне ва ўзводзе часта гінулі хлопцы. А калі прыйшоў я, то ўсе мае саслужыўцы вярнуліся дахаты здаровымі.
Гэтак жа было і пасля таго, як мы сфатаграфаваліся перад чарговым выездам: на здымку, які зроблены ў пачатку 1988 года, я — крайні справа. Стаім на фоне нашых грузавікоў, якія перавозілі снарады да «Градаў» i выконвалi грузовые автоперевозки. У той дзень мы пачалі паляванне на караван, але ўначы самі трапілі ў засаду. Добра, што было вельмі цёмна і «духі» не бачылі, куды страляць. Хаця некаторыя з нас і былі кантужаны. На гэтым здымку мы яшчэ не ведалі, што наперадзе чакае першае баявое хрышчэнне. Пасля перажытага было ўжо не да ўсмешак.
ГЭТЫ фотаздымак стаў першым у афганскім альбоме Валерыя ГАРАХАВІЦКАГА. На ім ён разам з жонкай за паўга-дзіны да вылету ў Афганістан:
— Тады з Ірынай мы чакалі першынца. Яна была на восьмым месяцы цяжарнасці, калі я атрымаў загад ляцець у ДРА ў камандзіроўку. Безумоўна, не абышлося без слёз. Яна ведала, чым можа закончыцца такая камандзіроўка. У верасні 1988 года і ў газетах, і па тэлебачанні гаварылі пра неабвешчаную вайну. Бачылі мы, як вяртаюцца дахаты воіны-інтэрнацыяналісты: хто сам, а каго… Праз месяц на свет з’явілася дачка, пра што я даведаўся толькі яшчэ месяц пасля.
А на другім фотаздымку мае сябры ў час, калі пачалі рыхтаваць тэхніку да вываду з Афгана. Адзін з іх — Валодзя Саломка, які зараз жыве ў Кобрыне. Наша група займалася падрыхтоўкай да пускаў кіруемых ракет.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.