Ружаны… Здаецца, невялікі населены пункт, але колькі тут цікавых людзей, мясцін і з’яў! А, магчыма, у хуткім часе гэты пасёлак будзе вядомы цэламу свету, як месца, дзе нарадзіўся вядомы музычны ансамбль у складзе іярэя Сергія Шыканава (кіраўнік), Аляксандра Ляўко, Эдуарда Сарокі, Івана Давідзенкі, Вікторыі Ахрамені, Ангеліны Дудзінскай і Юрыя Латыша. Здзіўляецеся, што кіраўніком з’яўляецца не які-небудзь рок-фанат, а служачы праваслаўнай царквы? Вось што кажа пра гэта сам Сергій:
— Чаму б мне не дапамагаць падлеткам займацца цікавай справай? Тым больш, што царква не забараняе нам займацца музыкай. Галоўнае, каб музыка была сапраўды добрая!
Ідэя стварыць музычны ансамбль з’явілася ў рабят напрыканцы гэтай вясны. Эдуард Сарока і Іван Давідзенка сабралі аднадумцаў і пайшлі з прапановай да святара, які сам з’яўляецца аматарам музыкі. 15 чэрвеня адбылася першая сумесная рэпетыцыя. Памяшканне і інструменты для гэтага выдзеліў Дом культуры. З таго часу кожны панядзелак, сераду і пятніцу маладыя музыканты збіраюцца на рэпетыцыі.
Цікава, што калі ў размове я назвала гэты калектыў групай, іярэй Сергій мяне паправіў:
— На самой справе мы не жадаем так называцца, бо адразу ўзнікае пачуццё прыналежнасці да пэўнага накірунку альбо нават субкультуры. А мы проста іграем.
Дарэчы, музыка ў іх не абы-якая, а правераная часам, сапраўдныя хіты року. Але спыняцца на гэтым музыканты не збіраюцца. У будучым яны плануюць пісаць свае песні, не горшыя, чым у «ДДТ» ці Віктара Цоя.
Пакуль што ў ансамбля яшчэ няма назвы. Перабіраючы варыянты, музыканты так і не здолелі спыніцца на нечым адным. Магчыма, яны маюць рацыю: да такой справы трэба аднесціся з усёй сур’ёзнасцю. Як карабель назавеш, так ён і паплыве. А курс узяты на вялікую сцэну.
Яна Гурская, вучаніца СШ №5.