Хутка год, як А.І.Юркевіч быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Пружанскай выбарчай акругі. Нягледзячы на пастаянную работу ў сталіцы, ён рэгулярна бывае на Пружаншчыне і сустракаецца з грамадзянамі, каб дапамагчы вырашыць надзённыя праблемы.
Пасля апошняй такой сустрэчы ў аграгарадку Сухопаль мы сустрэліся з дэпутатам, каб задаць некалькі пытанняў з нагоды яго дэпутацкай дзейнасці.
— Аляксандр Іванавіч, як Вы ацэньваеце сустрэчу ў Сухопалі і з якімі пытаннямі звярнуліся да Вас жыхары сельсавета?
— Сустрэчай я задаволены. Падчас прыёму людзі задавалі сапраўды слушныя пытанні, якія патрэбна вырашаць. Напрыклад, па новай дарозе ўздоўж Белавежскай пушчы курсіруе аўтобус Гродна-Брэст, а месцы аўтобусных прыпынкаў побач з некаторымі вёскамі дагэтуль не вызначаны. Лічу, што вырашыць гэтую праблему можна, знайшоўшы кампраміс паміж уладальнікамі транспартных камунікацый і транспартных сродкаў. І я паабяцаў людзям, што яе вырашу. Да таго ж мэтазгодна арганізаваць заезд грамадскага транспарту не толькі ў Роўбіцк і Сухопаль, але і ў Шарашова, Клепачы, Лыскава. Калі ж ёсць сур’ёзная прычына для немагчымасці такога заезду, трэба пабудаваць на аб’язной дарозе хоць бы прыпынкі для грамадскага транспарта. У любым выпадку, вырашаць гэтыя пытанні патрэбна комплексна.
Пытанне газіфікацыі Сухопаля, якое таксама падымалі жыхары, на ўзроўні толькі раённай улады вырашыць складана. Трэба стукацца і ў іншыя дзверы. Думаю, што да 2015 года мы можам атрымаць станоўчы адказ.
А вось праблема якасці вады ў в.Роўбіцк, на мой погляд, патрабуе толькі валявога рашэння раённай улады. Неабходныя свідравіны ёсць. Застаецца толькі сабраць службовых асоб, на балансе арганізацый якіх знаходзяцца гэтыя свідра-віны, і расставіць усе кропкі над “і”. Цана пытання — ўсяго 12-15 мільёнаў рублёў. Тым больш, што людзі згодны часткова гэтую суму кампенсаваць.
— Пры ўтварэнні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў улічваліся прафесійная падрыхтоўка і практычны вопыт дэпутатаў. У сувязі з гэтым які накірунак дзейнасці быў вызначаны для Вас?
— Я з’яўляюся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. Усяго ў яе складзе працуюць дзесяць чалавек. Усе гэтыя людзі добра ведаюць, што такое аграрная палітыка. Разумеюць, што гэта — яшчэ і эканоміка, і дэмаграфія, і сацыяльныя аспекты. Пытанняў развіцця аграрнага сектара — процьма. Таму дэпутаты цесна супрацоўнічаюць з Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Рашэнні патрэбна прымаць разумна, каб не нашкодзіць. Прыклад таму – заклапочанасць, якую праявілі дэпутаты пры ўвядзенні новых правілаў забою жывёлы ў прыватных падсобных гаспадарках. Нават да асобнага чалавека, які займаецца прыватнай гаспадаркай, патрэбна ставіцца з павагай. Няхай і нязначна, але ён таксама ўдзельнічае ў рашэнні пытанняў харчовай бяспекі краіны.
— Вы, Аляксандр Іванавіч, відаць, не здарма згадалі пра дэмаграфію. Наколькі вядома, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання ўжо ўнеслі свой уклад у рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне…
— Прыняты праект Закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” прадугледжвае значнае павелічэнне памераў дапамог па цяжарнасці і родах, па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Робіцца ўсё магчымае, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для маладых сем’яў: каб была работа, добрая зарплата і жыллё.
— Скажыце, калі ласка, якія найбольш актуальныя законапраекты былі прыняты з Вашым удзелам?
— За перыяд работы ў парламенце было прынята звыш 70 законапраектаў. Сярод іх магу вылучыць законы аб зямлі і племяной жывёлагадоўлі. Для нашага раёна, які займае першае месца ў рэспубліцы па валавой вытворчасці малака, гэта вельмі важна.
— Не магу не спытаць у Вас і пра маючыя адбыцца новаўвядзенні ў заканадаўстве з нагоды кан-фіскацыі аўтамабіляў за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення.
— Гэты законапраект, які ўжо нарабіў шмат шуму, скрупулёзна разбіралі па кожным пункце. Канфіскацыя аўтамабіля будзе датычыць тых кіроўцаў, якія, пазбаўленыя права кіравання, будуць паўторна затрыманы за рулём у нецвярозым стане. Лічу, што іншага рашэння проста не можа быць.
— Ведаю, што адна з актуальных праблем на сяле – пустуючыя дамы. Часта з гэтай нагоды нават работнікі сельвыканкамаў бездапаможна разводзяць рукамі… Можа, вырашыць яе таксама дапамогуць парламентарыі?
— Нічога новага тут прыдумваць не трэба. Усё, што патрабавалася для вырашэння праблемы, створана. Галоўнае — захацець гэтую праблему вырашыць. І не трэба пасіўнічаць прадстаўнікам мясцовай улады, працуючы са спадчыннікамі пустуючых сядзіб. Няхай пішуць папярэджанні, прадпісанні. Калі і тады людзі не ідуць на кантакт, варта самім звяртацца ў суд. Не бачу складанасцей і ў апрацоўцы зямельных надзелаў на пакінутых сядзібах. Іх апрацоўкай могуць заняцца сельгаставарыствы. Толькі ўсё трэба як след аформіць. Наогул, у гэтым плане павінна быць адпрацавана сістэма работы абласных, раённых і сельскіх выканаўчых камітэтаў.
— Аляксандр Іванавіч, Вы, магчыма, як ніхто іншы, цудоўна ведаеце становішча спраў на Пружаншчыне. Цяпер, з’яўляючыся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы ў парламенце, пазнаёміліся і са становішчам у іншых рэгіёнах краіны. Як на іх фоне выглядае наш раён?
— Пружанскаму раёну вельмі пашанцавала. На ўзроўні кіраўніцтва краіны з падачы Пятра Пятровіча Пракаповіча раён быў уключаны ў спіс базавых па развіцці сельскай гаспадаркі. Роўных нашаму раёну цяпер, магчыма, і не назаву, бо па ўсіх паказчыках выглядае ён вельмі дастойна. База створана, дае аддачу. Таму раён павінен і далей эфектыўна і дынамічна развівацца.
— І на завяршэнне: як могуць з Вамі звязацца выбаршчыкі?
— У хуткім часе ў адміністрацыйным будынку па вуліцы Чырвонаармейскай, 78 у Пружанах будзе абсталяваны кабінет майго памочніка Анатоля Сцяпанавіча Лагодзіча. З усімі набалелымі пытаннямі можна бу-дзе звяртацца да яго. Аднак лічу, што асабісты кантакт – самы лепшы. Таму можна звяртацца непасрэдна да мяне падчас асабістага прыёму грамадзян, які я праводжу штомесяц, ці па тэлефоне ў Мінску – 222-32-58.
Да паслуг выбаршчыкаў і адрас электроннай пошты: yurkevich@house.gov.by
Інтэр’ю ўзяла Галіна Каляда.