Понедельник, 21 апреля 2025

Актриса Ольга Остроумова провела творческий вечер для пружанских зрителей

1 405

Напрыканцы мінулага тыдня ў Брэсце адкрыўся фестываль беларускага кіно — адна з адметных падзей нацыянальнага кінематографа. Акрамя маладых рэжысёраў, якія прадставілі на суд журы свае работы, сёлета на чырвоную дарожку выйшлі знакамітыя госці. Сярод іх актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Расіі Вольга Астравумава.

Жыхарам нашага горада невыказна пашчасціла: нягледзячы на тое, што фестываль працягваўся ўсяго тры дні, зорка савецкага расійскага кіно знайшла час, каб сустрэцца са сваімі пружанскімі прыхільнікамі ў кінатэатры «Спадарожнік».

Асацыяцыі, якія складваюцца ў гледачоў ад персанажаў, ролю якіх я выконваю ў кіно і на сцэне, могуць не супасці з тым, што я ўяўляю сабой у жыцці, — папярэдзіла напачатку сустрэчы Вольга Міхайлаўна. — Але сёння я не буду прыкідвацца кімсьці, а паспрабую паказаць сябе сапраўдную, гаварыць пра тое, што люблю і ненавіджу…

Што адрознівае тэатр ад кіно? Так, тэатр — жывое мастацтва, што робіць спектаклі непадобнымі адзін на другі, а кіно захавана на плёнцы, у ім ужо нічога не памяняецца, тут многае можа застацца за кадрам. Пра самае галоўнае, чаго не ўбачыш на кінаплёнцы, і расказала Вольга Астравумава.

Роля Жэні Камяльковай у кінафільме «А світанкі тут ціхія…» Станіслава Растоцкага стала візітнай карткай Астравумавай-актрысы. Невыпадкова «эпіграфам» да творчай сустрэчы артысткі стаў урывак з гэтай стужкі — сцэна смерці яе гераіні. Вось што Астравумава расказала пра сваю гераіню:

— Так атрымалася, што гэтую сцэну давялося здымаць двойчы. Мы доўга абмяркоўвалі з рэжысёрам, як пра-вільна іграць гэты эпізод. Але хто ведае, як паміраць гераічна? Ніхто. Было шмат прапаноў, на адной з якіх мы і спыніліся. Тым не менш ні Растоцкі, ні я не засталіся задаволенымі вынікам. Але, як цяпер расцэньваю, на шчасце, здарыўся брак плёнкі, калі здымкі ў Карэліі цалкам закончыліся і заставалася толькі зманціраваць матэрыял. А ведаеце, як складана акцёру сыграць яшчэ раз перажытыя моманты?! Я стала разважаць: гэта лёгка напісаць, што дзяўчына — гераіня, адважная, мужная… Але ж як маладое дзяўчо сябе можа так паводзіць, калі ведае, што вось-вось загіне… І тады рэжысёр усклікнуў: «Я ведаю! Яна іх баіцца!» Вось так я і перадала на экран адвагу — як пераадольванне страху.

Варта адзначыць, у гэтым фільме ёсць нямала цікавага, што не ведаў глядач. У тым ліку гэта і сама асоба рэжысёра. Для Вольгі Міхайлаўны ён быў усмешлівым, шырокай душы чалавекам. Былы франтавік Станіслаў Растоцкі на здымачнай пляцоўцы ўсімі намаганнямі спрабаваў дабіцца поўнай рэалістычнасці. І ўсе нягоды, якія чакалі артыстак, ён дзяліў разам з імі: спярша ён сам пракладваў шлях, які павінна ў рамках ролі прайсці кожная з дзяўчат. І гэта пры тым, што з вайны ён вярнуўся з пратэзам замест нагі.

— Станіслаў Іосіфавіч гаварыў, што прысвячае гэтую стужку Ганне Бекетавай — той дзяўчыне-медсястры, якая выратавала яму жыццё, параненага выцягнула з балота. Але мы ведалі, што гэта фільм-прысвячэнне ўсім жанчынам, якія прайшлі шляхамі вайны…

Некалькі разоў Астравумава здымалася на студыі «Беларусьфільм». Найбольш успамінаў пакінула работа «Развітальныя гастролі» Віталя Дудзіна. Стужка была знята літаральна за месяц. Больш за ўсё актрысу захапіла майстэрства беларускага рэжысёра.

— У мяне часта цікавяцца, ці не робяць адбітак на характар, жыццё кіношныя персанажы? Здараецца…

Самай вялікай сваёй творчай удачай у кіно лічыць ролю Васілісы ў фільме «Васілій і Васіліса». Сюжэт набліжаны да біблейскага — пра прабачэнне: галоўная гераіня не можа дараваць мужу за тое, што з-за яго страціла дзіця. Пасля работы ў гэтым фільме Вольга Астравумава ўзяла для сябе адну ісціну, якой кіруецца ў любой сітуацыі: прабачэнне заўсёды даражэй і вышэй любога, нават самага праведнага непрабачэння — гэта дазваляе не капіць у сабе зло. А непрабачэнне разбурае і таго, каму не прабачылі, і таго, хто не прабачыў.

Наогул, магу сказаць, што артыстка, нягледзячы на вялікую папулярнасць, даволі сціплая жанчына: відаць, каб не выклікаць лішні раз бурных авацый у свой адрас, нават не прызналася, што некалькі дзён назад адзначыла 65-годдзе. На жаль, пружанскай публіцы Астравумава змагла ўдзяліць крыху больш гадзіны. За гэты час Вольга Міхайлаўна прачытала яшчэ некалькі вершаў — Уладзіміра Высоцкага, Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, а таксама падарыла гледачам некалькі песень, адну з якіх прысвяціла свайму мужу Валянціну Гафту. І самае галоўнае — падзялілася сваёй жыццёвай мудрасцю.

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *