Дактары ў адзін голас сцвярджаюць, што мноства хвароб сучасны чалавек мае з-за маларухомага ладу жыцця. Абсалютна ўсе жанчыны жадаюць мець добрую фігуру і падцягнутае цела. А яшчэ велізарная колькасць пружанцаў скардзіцца на тое, што ў малым горадзе сумна. Гэтыя ды і многія іншыя праблемы можна вырашыць адным махам!
Вось ужо некалькі гадоў пры Водным палацы можна паспрабаваць на сабе папулярны ва ўсім свеце комплекс фізічных практыкаванняў на вадзе — інакш кажучы, заняцца аквааэробікай. Ужо год заняткі вядзе трэнер па плаванні Аляксандр Шаманаў. Але самае дзіўнае і прыемнае, што для таго, каб займацца аквааэробікай, зусім неабавязкова ўмець плаваць: на вадзе дапаможа ўтрымацца спецыяльны пояс.
Заняткі праходзяць у групах і пад музыку. Такі від “спорту” падыходзіць усім і амаль не мае супрацьпаказанняў, траўмавацца пры выкананні практыкаванняў проста немагчыма.
Заняткі ў вадзе дапамагаюць расслабіцца, здымаюць мышачнае і нервовае напружанне, умацоўваюць нервовую сістэму. Падчас трэніровак прысутнічае і своеасаблівы масаж, які аказвае вада. Дзякуючы чаму скура становіцца пругкай і эластычнай. Гідрамасаж дапамагае змагацца з цэлюлітам. Да таго ж масаж не дае назапашвацца ў мышцах малочнай кіслаце, таму нават пасля самых інтэнсіўных трэніровак у вас не будзе болевых адчуванняў
Аляксандр Шаманаў заспакойвае: заняткі падыходзяць і навічкам, і тым, хто ўжо займаецца фізкультурай. А пастаянныя наведвальніцы заняткаў сцвярджаюць, што адпачываюць у басейне і душой, і целам.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).