У вёсцы Поланск сядзіба Б.І.Калейніка вылучаецца сваёй чысцінёй, добраўпарадкаванасцю. Але сёння, калі прырода ўзяла сваё і адцвілі стракатыя кветнікі, увага цікаўных да яе не знікла. Праўда, цяпер па іншай прычыне…
Варта адзначыць, Барыс Іосіфавіч заўсёды быў увішным гаспадаром, трымаў шмат жыўнасці — дзве каровы, некалькі свіней. Ды і ў мясцовай гаспадарцы на добрым рахунку: без малога трыццаць гадоў круціў баранку, затым 16 гадоў працаваў на складзе.
Але і на заслужаным адпачынку не сядзіць без справы. У выніку нават позняй восенню яго сядзіба не выглядае сумна і шэра: у яркія колеры — блакітны, жоўты, зялёны, фіялетавы — пафарбавана каменне, якое аздабляе кветнікі, кідаюцца ў вочы штучныя грыбочкі, зробленыя ўмелымі рукамі гаспадара.
— Усім сам займаюся. Вы б раней прыехалі, — гаворыць Барыс Іосіфавіч, — калі ў мяне вяргіні, ліліі, гладыёлусы, хрызантэмы ды іншыя кветкі цвілі, — было вельмі прыгожа.
Ніколькі не сумняваемся ў гэтым, але віноўнікам нашага візіту да Калейніка стаў… бусел. Як расказвае гаспадар, птушка жыве ў яго са жніўня, калі яе суродзічы пачалі адлятаць на зімоўку, а яна, відаць, аслабленая, не змагла падняцца з імі ў неба.
Спецыялісты-арнітолагі заклікаюць не лавіць восенню белых буслоў, якія не даюцца ў рукі чалавеку, але ў гэтым выпадку птушка зрабіла нечаканы выбар — сама «напрасілася» на пастой да Барыса Іосіфавіча. Сёння ў бусла ёсць нават мянушка, на якую ён адклікаецца.
— Звычайна ходзіць цэлымі днямі па падворку, — дзеліцца назіраннямі Б.І.Калейнік. — Асабліва любіць за карасікамі ў сажалцы назіраць. На поле паляціць пагуляць, а я выйду курэй ды качак карміць, пра яго не забываю. Гукну: «Паша, ідзі сюды!» — ён і бяжыць.
Акрамя збожжа, якім харчуюцца хатнія птушкі, буслу дастаюцца і «далікатэсы»: сасіскі, сала. А па пятніцах гаспадар ездзіць у Ружаны на рынак па рыбу — кільку, мойву, селядцы — спецыяльна для пярнатага гадаванца. На начоўку Паша ідзе ў хлеў да курэй, дзе аблюбаваў сабе месца на самай высокай жэрдцы.
Людзей, акрамя дзядзькі Барыса, Паша не прызнае: нямала цікаўных спынялася ля плоту, але ад фотакамер і позіркаў незнаёмцаў птушка хаваецца.
Як быць са сваім гадаванцам далей, гаспадар не ведае:
— Па вясне буслы яго ўжо не прымуць да сябе — закон прыроды, ды і ён, мяркуючы па ўсім, наўрад ці пойдзе да сваіх…
Марына Вакульская.