Четверг, 17 апреля 2025

Агроэкотуризм по-клетновски

3 031

З развіццём у нашай краіне аграэкатурызму амаль у кожным раёне рэспублікі былі адкрыты і цяпер паспяхова функцыянуюць шматлікія аграсядзібы. Аднак нямногія з рэгіёнаў Беларусі могуць пахваліцца цэлымі турыстычнымі комплексамі. Яшчэ нядаўна не было іх і на Пружаншчыне.

Усё змянілася з пачаткам узвядзення турыстычнага комплекса каля вёскі Клятное. Новае прыватнае прадпрыемства — фермерская гаспадарка «Белавежтур» — было зарэгістравана па ініцыятыве нашага земляка, вядомага бізнесмена з Санкт-Пецярбурга М.А.Бурнаса.

Паўгода назад, у многім дзякуючы намаганням Мікалая Аляксеевіча, у Клятное прыйшоў прыродны газ. Як тады зазначыў прадпрымальнік, магчыма, блакітнае паліва стане крыніцай для ажыўлення жыцця ў аддаленай вёсцы. Узвядзенне турыстычнага комплекса, мяркуецца, стане таксама падставай для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Клятным.

Такая ўвага М.А.Бурнаса да гэтай вёскі тлумачыцца проста: ён адсюль родам. І, як сам зазначае, марыць, каб 600-гадовы юбілей Клятнога стаў пачаткам яго росквіту.

Будаўніцтва пачалося ў мінулым годзе, і за кароткі тэрмін невялічкую вёску стала немагчыма пазнаць. Як расказвае начальнік будоўлі Г.К.Гарустовіч, па планах ТДА «Індмантаж» з г.Брэста, якое вядзе работы, неабходна ўзвесці вялікую колькасць аб’ектаў.

Першых гасцей турыстычны комплекс павінен прыняць ужо бягучай восенню. А дагэтуль неабходна стварыць разнастайную інфраструктуру. Ужо чакаюць жыльцоў восем домікаў сямейнага тыпу. Кожны з іх складаецца з двух пакояў, гасцінай з кухняй (ёсць электрачайнік, каб прыгатаваць гарбату), сантэхвузлом і тэрасай для адпачынку на свежым паветры. Усе памяшканні абсталяваны мэбляй, прадугледжана ўласнае ацяпленне і забеспячэнне гарачай вадой, што дае магчымасць адпачываць тут круглы год.

Да слова, на будаўніцтве па магчымасці выкарыстоўваюцца натуральныя, экалагічна чыстыя матэрыялы. Дзверы, вокны і іншая сталярка — уласная вытворчасць ТДА «Індмантаж».
У планах наладзіць энергазабеспячэнне комплекса за кошт аднаўляемых крыніц энергіі. Сярод іх — энергія паветраных мас: на насыпной горцы ўстаноўлены ветрагенератар.
Паміж дамамі — імправізаваныя «вулачкі» з лавачкамі, якія надаюць мясціне выгляд утульнага парку.

Актыўныя работы працягваюцца на шэрагу дапаможных аб’ектаў. Сярод іх — рэстаран з агляднай пляцоўкай. У мяню яго будзе беларуская кухня, у тым ліку мясцовая — стравы «па-клятноўску».

Але ж «домікам у вёсцы» наўрад ці можна сёння здзівіць. Таму  гасцей чакае не толькі адпачынак на свежым паветры, але і карысць для здароўя. На штучным востраве мясцовага возера ўзводзіцца аздараўленчы комплекс, у якім будзе лазня з саўнай, басейнам, більярдам і пакоямі для адпачынку. Урачы ўжо распрацоўваюць аздараўленчыя мерапрыемствы для турыстаў. Акрамя таго, у  праграме іпатэрапія — конныя прагулкі, у закрытым спартыўным комплексе можна будзе гуляць у міні-футбол, валейбол, баскетбол і боўлінг. А на возеры чакаюць катамараны і выдатная рыбалка.

Як мяркуе аўтар ідэі і ўладальнік турыстычнай вёскі М.А.Бурнас, попыт на адпачынак у Клятным павінен быць пастаянны, чаму паспрыяе і будаўніцтва кальцавой дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы. А гэты прыродны помнік заўсёды прыцягваў турыстаў. Мяркуецца, што змогуць пабываць тут не толькі беларусы, але і грамадзяне іншых краін, для інфармавання якіх плануецца стварыць інтэрнэт-сайт «Белавежтур». Каб пазнаёміць іншаземцаў з мясцовай гісторыяй, на тэрыторыі комплекса пакінуты два старыя дамы, у якіх Мікалай Аляксеевіч мяркуе стварыць музей беларускага быту.
Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *