Напярэдадні Дня аўтамабіліста былі падведзены вынікі нашай віктарыны для аўтааматараў. І разам са спонсарамі — аддзяленнем дзяржаўтаінспекцыі і СТА «Леганз» — пераможцам мы ўручылі падарункі. Амаль усе ўдзельнікі далі правільныя адказы на падрыхтаваныя пытанні. І толькі на адным пераважная большасць «зрэзалася» — на аўтамабілі Янкі Купалы.
Гістарычная даведка:
Беларускі пясняр Янка Купала ніколі не меў правоў, затое валодаў унікальнай машынай. «Шэўрале дэ Люкс» — адзіны аўтамабіль гэтай маркі на тэрыторыі Беларусі. Савецкая ўлада падарыла гэтае трафейнае аўто народнаму паэту Беларусі ў 1939 годзе. Пасля смерці паэта яго жонка перадала «Шэўрале» ў музей Аршанскага раёна. Цяпер уні-кальны экспанат (машына, дарэчы, на хаду) — у Мінску, дзе рарытэт можна ўбачыць у літаратурным музеі паэта. Мадэль Master DeLux выпускалася кампаніяй Chevrolet толькі на працягу 1937 года. У вытворчасці было некалькі варыянтаў гэтай машыны: двухмеснае купэ, спартыўнае на чатыры месцы, двухдзверны седан на пяць месцаў і чатырохдзверны седан на чатыры месцы. Апошні і належаў Я.Купалу, і гэта досыць рэдкі варыянт мадэлі Chevrolet GA.
Магутнасць рухавіка — 85 к.с., максімальная хуткасць — 110 км/г, расход паліва — 14 літраў на 100 км.
Такім чынам правільна адказалі на ўсе пытанні толькі двое аўтааматараў: А.М. Арабей і С.Г.Карымаў, якія і сталі нашымі пераможцамі.
На здымку: з сертыфікатам на атрыманне бясплатных паслуг ад СТА «Леганз» А.М.Арабей.