Безумоўна, леташнія праблемы з праходжаннем медыцынскай вадзіцельскай камісіі закранулі многіх жыхароў раёна. Таму і сёлета хвалюе: ці змянілася нешта ў арганізацыі працэсу?
Мы звярнуліся да старшыні камісіі, намесніка галоўнага ўрача ЦРБ М.В.ЗанькаўцА.
— Міхаіл Васільевіч, многіх чытачоў цікавіць, ці захоўваецца і сёлета вялікая чарга.
— На жаль, вялікая чарга на медкамісію ў пачатку года — традыцыйная з’ява. Справа ў тым, што зараз пачынаецца тэхагляд у арганізацыях раёна. Па нядобрай традыцыі многія кіраўнікі ці адказныя асобы адцягваюць яго да самага апошняга тэрміну. У выніку ствараецца наплыў з жадаючых прайсці агляд як мага хутчэй. Чаму б не паклапаціцца загадзя або перанесці тэрміны тэхагляду? Сёння (гутарка адбылася напрыканцы лютага — Кар.) вядзецца запіс на сярэдзіну красавіка.
Магчыма, у другім паўгоддзі паток паменшае. Хаця з 1 сакавіка пачалася замена вадзіцельскіх пасведчанняў. Хачу папярэдзіць жыхароў раёна, што ў МРЭА г.Бярозы прад’яўляюць незразумелыя патрабаванні. Нягледзячы на тое, што даведка нашай камісіі сапраўдная на працягу пяці гадоў, там патрабуюць свежую. Тое ж тычыцца і тых, хто быў пазбаўлены правоў: патрабуюць даведку, датаваную днём заканчэння тэрміну пакарання.
— Да нас звярнуўся С.В.Дзевянцейчык з такім пытаннем: «Я пенсіянер, вадзіцель з вялікім стажам, пастаянна праходжу медкамісію. Чаму ўрачы па-ранейшаму пытаюць ваенны білет, я ж даўно зняты з уліку ваеннаабавязаных?».
— Пасля зняцця з уліку ваенны білет застаецца ў чалавека на вечнае карыстанне. Адпаведна з нашымі патрабаваннямі, урачам вадзіцельскай камісіі патрэбна інфармацыя аб годнасці наведвальніка да ваеннай службы, якая змяшчаецца ў названым дакуменце. У прыватнасці, артыкул, згодна з якім чалавек быў камісаваны, што ўплывае на рашэнне пытання аб годнасці кіраваць аўтатранспартам. Безумоўна, не кожны трымае такія звесткі ў галаве, таму нялішнім будзе на медкамісію ўзяць і ваенны білет.
— Задаў пытанне С.С.Зялевіч: «Як пенсіянер я цяпер павінен праходзіць вадзіцельскую медкамісію штогод. Згодзен, што гэта неабходна, але чаму павінен плаціць кожны раз столькі ж грошай, колькі і чалавек дапенсіённага ўзросту, які праходзіць агляд значна радзей за мяне?».
— Пачнем з таго, што вадзіцель не плаціць «за камісію». Ён аплачвае работу ўрачоў, якія, акрамя гэтага, маюць яшчэ вялікую колькасць службовых абавязкаў. І некаторыя члены камісіі — спецыялісты ў адной асобе ў раёне.
Па-другое, асобы ва ўзросце 60-70 гадоў праходзяць медкамісію адзін раз у два гады, а штогод — толькі тыя, хто мае абмежаванні з-за якога-небудзь захворвання. І ў гэтым выпадку вадзіцель не праходзіць усіх урачоў, а толькі тых спецыялістаў, якія займаюцца яго захворваннем. Зразумела, што тады аплачваецца работа толькі гэтых урачоў і старшыні камісіі.
Сярод работнікаў арганізацый штогод медагляд праходзяць толькі вадзіцелі пасажырскага транспарту. Але, мяркую, такія строгія патрабаванні зразумелыя.
Алег Сідарэнка.