Понедельник, 21 апреля 2025

«Учитель года» работает в Новосёлках

2 264

Раённы конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года РБ” выявіў пераможцаў. Па выніках фінальнага этапу “Настаўнікам года” ў нашым раёне абвешчана педагог Навасёлкаўскага ВВК дзіцячы сад САШ Іна Сямёнаўна Горбат.

Аднак спачатку ўсе пяць фіналістак: І.С.Горбат (Навасёлкаўскі ВВК), С.П.Пракаповіч (СШ №4), Л.І.Гвай (СШ №3), С.М.Панасевіч (СШ №5), А.В.Гулевіч (СШ №1) праводзілі ўрокі ў класах СШ №5. Як расказала арганізатар конкурсу Н.С.Саскевіч, усе ўрокі ў незнаёмай сітуацыі прайшлі ў дружалюбнай абстаноўцы і спадабаліся як настаўнікам, так і дзецям. Па колькасці набраных балаў лідэрства ўзяла І.С.Горбат.
Па-сапраўднаму відовішчным і масавым атрымаўся заключны этап конкурсу, які прайшоў у СШ №1 у мінулую суботу. Членам журы, у якое ўваходзілі намеснік начальніка РАА І.А.Казарэз, пераможца педагагічнага конкурсу 2008 года А.І.Бажко, псіхолаг А.В.Мізюкевіч, старшыня райкама прафсаюза педработнікаў І.В.Сачэўка, спецыялісты і метадысты аддзела адукацыі, было няпроста ацаніць выступленні канкурсантак.

Упершыню журы давялося запаўняць экспертныя лісты, у якіх па асобных крытэрыях ацэньвалася кожнае выступленне.
І ўсё ж,  як найбольш яркія, выдзелілі самапрэзентацыі С.П.Пракаповіч і  А.В.Гулевіч. Уразіў адукацыйны праект С.П.Пракаповіч, у якім творча раскрывалася педагагічнае майстэрства. Зусім нязначна адсталі ад яе па колькасці набраных балаў І.С.Горбат і                 А.В.Гулевіч.У брэйн-рынгу, які стаў праверкай узроўню педагогікі і псіхалогіі ўдзельніц, таксама перамагла С.П.Пракаповіч. У конкурсе нестандартных педагагічных сітуацый, калі патрэбна было навесці дысцыпліну ў класе і зацікавіць вучняў урокам ці знайсці што адказаць на “нязручныя” пытанні, лепш за іншых  выглядалі зноў жа С.П.Пракаповіч і А.В.Гулевіч. Аднак з улікам балаў, якія набралі ўдзельніцы конкурсу за праведзеныя ўрокі ў незнаёмым класе, пераможцай стала І.С.Горбат. З зусім нязначным адставаннем ад яе па балах аказалася С.П.Пракаповіч, якой дасталася другое месца. На трэцім месцы — А.В.Гулевіч.

Аднак узнагароджаны за педагагічнае майстэрства і творчасць былі ўсе удзельнікі, якія атрымалі ганаровыя граматы і адпаведныя сертыфікаты. За прызавыя месцы пераможцам ўручылі яшчэ і каштоўныя падарункі – тэлевізар, кухонны камбайн і мікрахвалевую печ. Але, відаць, нішто не заменіць той радасці і эмоцый, якія неслі падчас правядзення конкурсу групы падтрымкі з тых школ, дзе працуюць настаўніцы-канкурсанткі.
Вельмі ўпрыгожылі педагагічны конкурс музычныя выступленні вучняў СШ №1 пад кіраўніцтвам Л.К.Астраўскене і салісткі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ксеніі Пухнарэвіч, радасныя ўсмешкі і кветкі, падораныя  канкурсанткам. І калі для большасці з іх конкурсныя хваляванні ўжо ў мінулым, для “Настаўніцы года” раённага этапу І.С.Горбат – яшчэ наперадзе. Хутка яна будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў.
НА ЗДЫМКАХ: журы і групы падтрымкі; узнагароды ўручае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І.У.Краўчук.

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *