Пятница, 23 мая 2025

«Женская лига» против рака груди: в Пружанском районе 149 женщин состоит на учете у онколога с этой болезнью

1 465

22 кастрычніка ў рэспубліцы пройдзе акцыя, прысвечаная прафілактыцы рака малочнай залозы. З гэтай нагоды ў Пружанах адбылося пасяджэнне за «круглым сталом». Яго арганізавалі мясцовыя прадстаўнікі структурнага падраздзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Жаночая ліга».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел урачы, настаўнікі, вучні школ горада.

Перад прысутнымі выступілі кандыдат гістарычных навук, старшыня рэспубліканскага аб’яднання «Жаночая ліга» Ніна Стужынская, урач-анколаг Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Ніна Станкевіч і аўтар гэтага артыкула — псіхолаг РЦГЭ Таццяна Курачынская.

Рак малочнай залозы з’яўляецца найбольш частым відам злаякасных пухлін у жанчын.

Сітуацыя ў нашым раёне (па выніках за мінулы год) складваецца наступным чынам. Усяго на ўліку ў ЦРБ знаходзіцца 1061 асоба са злаякаснымі новаўтварэннямі: у 147 чалавек выяўлены рак малочнай залозы, 138 — рак скуры, 80 — рак цела маткі, 71 — рак шчытападобнай залозы, 62 — рак нырак.

Як бачым, рак малочнай залозы ў нашым раёне лідзіруе сярод іншых злаякасных новаўтварэнняў.

Дынаміка захворвання насцярожвае: у 2007 і 2008 гадах на ўліку з дыягназам «рак малочнай залозы» было па 137 чалавек, у 2009 годзе — 147, за дзевяць месяцаў 2010 года — 149. Новых выпадкаў захворвання выяўлена ў 2007 г. — 20, у 2008 і 2009 гг. — па 18, за дзевяць месяцаў бягучага года — 12.

Выяўлена запушчаных выпадкаў (3-4 стадыя захворвання): у 2007 г. — 40%, 2008 г. — 22,2%, 2009 г. — 27,7%, сёлета — 41,6%.

Як бачна, высокі працэнт пацыентаў, якія звяртаюцца ў медыцынскія ўстановы на досыць позніх стадыях развіцця захворвання і тым самым істотна зніжаюць верагоднасць удалага зыходу хваробы.

На сённяшні дзень спосабаў папярэдзіць рак грудзей няма. Аднак ёсць магчымасці змяншэння рызыкі захворвання. Да фактараў, якія садзейнічаюць развіццю захворвання, адносяцца ўзрост, спадчыннасць, надта ранні ці, наадварот, позні пачатак менапаўзы, познія роды, адмова ад кармлення дзіцяці грудзьмі, прымяненне гармоназамяняльнай тэрапіі, багатае тлушчам харчаванне, нізкая фізічная актыўнасць, злоўжыванне алкаголем, стрэсы.

Аднак трэба цвёрда засвоіць для сябе адну прапісную ісціну: калі пухліна выявіцца як мага раней, лячэнне будзе эфектыўным.

Спецыялісты рэкамендуюць наступныя абследаванні з мэтай ранняга выяўлення рака малочнай залозы да з’яўлення сімптомаў хваробы. Жанчынам ва ўзросце 40 гадоў і старэй неабходна кожны год выконваць мамагрфію; 20-40 гадоў праводзіць клінічнае абследаванне малочных залоз кожныя тры гады. Пасля 40 гадоў такія абследаванні належыць рабіць штогод. Не на апошнім месцы павінна стаяць самаабследаванне малочных залоз. Пры выяўленні пры гэтым любых змяненняў, належыць тэрмінова паведаміць урачу. Да такіх змяненняў адносяцца з’яўленні ўшчыльненняў, раздражненне, боль, уцягненне ці пачырваненне саска, выдзяленні з саска.

Кожная жанчына павінна заняць актыўную пазіцыю ў адносінах да ўласнага здароўя. Нярэдка наведванню ўрача перашкаджае элементарны страх. Каб пера-адолець яго, патрэбна проста падумаць аб наступствах адкладзенага абследавання. Чалавек, які не звяртае ўвагі на сябе і сваё здароўе, сам стварае ўмовы для таго, каб потым урачы і блізкія людзі шляхам неймаверных намаганняў ратавалі яго ад болю і хваробы. Не выпадкова, што нярэдка такія познія намаганні не даюць жаданых вынікаў.

Ваша здароўе, паважаныя жанчыны, гэта шчасце не толькі ваша, але і вашых родных і блізкіх. Памятайце пра гэта і ні ў якім разе не адкладвайце «на потым» наведванне ўрача.

Таццяна Курачынская, спецыяліст РЦГЭ.

P.S. Вялікае дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага артыкула ўрачу-анколагу цэнтральнай раённай бальніцы Н.Я.Станкевіч.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *